Міністр Пярцоў паспрабаваў патлумачыць, што значаць словы Лукашэнкі пра «плаціць за суверэнітэт»
Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў у эфіры праграмы «Клуб рэдактараў» пракаментаваў адно з пытанняў Аляксандра Лукашэнкі, зададзенае падчас паслання да народа і Нацыянальнага сходу.
«Вяртаючыся да пытання, ці гатовыя мы заплаціць за суверэнітэт: тут не трэба зводзіць да дзеяслова «плаціць». Тут сутнасць у іншым. Калі на адной чашы шаляў усе тыя выгады, да якіх мы прызвычаіліся (да гарачай вады, газазабеспячэння, замежных тэлефонаў, іншамарак — да чаго заўгодна), а на іншай чашы шаляў незалежнасць і суверэнітэт нашай краіны, то бок жыць у незалежнай краіне і быць паўнавартаснымі, паўнапраўнымі грамадзянамі сваёй краіны, ці гатовы мы ўзважыць? Ці гатовы мы зрабіць выснову, што для нас з’яўляецца абсалютнай каштоўнасцю, а што з’яўляецца каштоўнасцю часовай?» — спытаў Уладзімір Пярцоў.
Ён адзначыў, што беларусы цяпер у гістарычнай кропцы, калі трэба ўсё гэта ўдумліва пераасэнсаваць і ўзважыць. «І тады ўвесь народ зразумее гэты пасыл і зробіць правільны выбар», — заявіў міністр.
Беларускае Радыё Рацыя