Міністр Раўкоў пракаментаваў смерць салдата Коржыча ў Печах



Міністр абароны Андрэй Раўкоў пракаментаваў гібель радавога Аляксандра Коржыча, што загінуў у Печах пад Барысавым, піша БелТА.

Войска — гэта школа для маладых людзей, і ў вайсковым калектыве не павінна быць халатнасці і баязлівасці, падкрэсліў міністр.

„Камандзіры і начальнікі павінны адказваць за падначаленых, – заявіў ён. – Не павінна быць смерцяў вайскоўцаў, асабліва тэрміновай службы ў мірны час”.

Па словах Андрэя Раўкова, пазіцыя Міністэрства абароны застаецца нязменнай: гэта непазбежнасць пакарання. „Гэта павінна быць і ў дачыненні да непасрэдна вінаватых, і тых службовых асоб, якія сваімі дзеяннямі, бяздзейнасцю, абыякавасцю прывялі да гэтай сітуацыі”, – сказаў ён.

„Я выказваю глыбокія спачуванні бацькам загінулага Аляксандр Коржыча. Ніякімі словамі нельга зменшыць боль ад трагедыі. Цяпер самае галоўнае – аднавіць поўную карціну таго, што адбылося”, — падкрэсліў Андрэй Раўкоў.

Міністр звярнуўся да ўсіх бацькоў, чые сыны служаць або будуць служыць ва Узброеных Сілах: „Калі вы прыязджаеце на прысягу, звярніце ўвагу, што кажуць камандзіры вайсковых часцей. Яны скажуць, што рабіць у дачыненні да сваіх дзяцей, каб служба прайшла без праблем. Узаемасувязь бацькоў з вайсковай часткай павінна быць пастаяннай”. Пры гэтым калі няма даверу да кіраўніцтва вайсковых часцей, у сваякоў заўсёды ёсць магчымасць прыйсці на прыём да міністра або звярнуцца ў іншыя органы.

Андрэй Раўкоў таксама праінфармаваў, што пачата рэалізацыя мер кадравага, тэхнічнага, арганізацыйнага характару ў дачыненні да вайсковай часткі 72-га аб’яднанага навучальнага цэнтра, у якой праходзіў службу Аляксандр Коржыч.

„Гэтае пытанне кардынальна вызначым у бліжэйшы час”, — дадаў міністр.