Міністр сельскай гаспадаркі Чэхіі наведае Беларусь
Міністр сельскай гаспадаркі Чэхіі Йіржы Мілек плануе наведаць Беларусь у чэрвені, паведаміў журналістам намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў па выніках праведзенага ў Менску 22 траўня дзясятага пасяджэння беларуска-чэшскай змешанай камісіі па эканамічным, прамысловым і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.
„Ідзе актыўная падрыхтоўка візіту ў Беларусь міністра сельскай гаспадаркі Чэхіі Мілека, у рамках якога чэшская дэлегацыя прыме ўдзел у міжнароднай спецыялізаванай выставе „Белагра-2018″. Таксама пройдзе пасяджэнне рабочай групы па сельскай гаспадарцы ў рамках нашай камісіі”, — сказаў Шастакоў.
„Для нас усе сферы дзейнасці вельмі важныя, але найбольшы патэнцыял мы бачым у галіне энергетыкі і аграпрамысловага сектара, — падкрэсліў намеснік міністра прамысловасці і гандлю Чэхіі Эдуард Муржыцкі. — Хацеў бы таксама высока ацаніць вынікі працы Беларусі ў сферы інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій. Мы лічым, што гэтыя тэхналогіі валодаюць вялікім патэнцыялам, і рады беларускім інвестыцыям у гэту галіну”.
Міжнародная спецыялізаваная выстава „Белагра-2018” пройдзе з 5 па 10 чэрвеня ў аграгарадку Шчомысліца пад Менскам. Удзел у выставе прымуць больш за 500 кампаній з 28 краін.