Міністр Шайгу: Намеры Польшчы вымушаюць прымаць меры ў адказ
Планы Польшчы па размяшчэнні на сваёй тэрыторыі дывізіі Узброеных сіл ЗША не спрыяюць умацаванню рэгіянальнай бяспекі і вымушаюць прымаць меры ў адказ, заявіў міністр абароны РФ Сяргей Шайгу 24 кастрычніка ў Менску на сумеснай калегіі ваенных ведамстваў Расеі і Беларусі.
„Планы польскага ўрада размясціць на пастаяннай аснове на сваёй тэрыторыі дывізію Узброеных сіл ЗША контрпрадуктыўныя і не спрыяюць захаванню стабільнасці і ўмацаванню рэгіянальнай бяспекі”, — цытуе Шайгу ТАСС.
„У гэтых умовах мы вымушаныя прымаць меры ў адказ і павінны быць гатовыя нейтралізаваць магчымыя ваенныя пагрозы на ўсіх напрамках”, — адзначыў ён.
Шайгу падкрэсліў, што Расея „не хоча ўцягвацца ў ваенную канфрантацыю з Захадам” і імкнецца да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў сферы бяспекі.
Міністр адзначыў, што заходнія краіны засяродзілі высілкі на забеспячэнні ваеннай мабільнасці. „Узмацняецца напружанасць у сувязі з дзеяннямі Захаду па павышэнні ваеннай мабільнасці, канчатковая мэта якой — забяспечыць хуткае перасоўванне амерыканскіх войскаў і сіл па тэрыторыі Еўропы”, — лічыць ён.
Паводле слоў Шайгу, для арганізацыі прыёму і размяшчэння войскаў узмацнення ў краінах Балтыі і ўсходнееўрапейскіх дзяржавах сфарміраваны каардынацыйныя цэнтры, падрыхтаваны перадавыя аэрадромы, мадэрнізаваны марскія парты, створыцца сістэма папярэдняга складавання маёмасці і ўзбраення.
„Удасканаленне інфраструктуры праводзіцца з мэтай мінімізаваць тэрміны перакідкі войскаў з глыбокага тылу да знешніх граніц і тым самым павысіць наступальныя магчымасці”, — падкрэсліў расійскі міністр.
У верасні прэзідэнты Дональд Трамп і Анджэй Дуда падпісалі сумесную дэкларацыю аб стратэгічным супрацоўніцтве, згодна з якой бакі абавязваюцца „разглядаць варыянты ўмацавання ваеннай ролі Злучаных Штатаў у Польшчы”. Падчас сустрэчы Дуда афіцыйна прапанаваў размясціць у Польшчы на пастаяннай аснове ваенную базу ЗША.
28 верасня на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў СНД у Душанбэ Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дзеянні НАТА каля межаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі тояць у сабе небяспеку.
Расейскі пасол Міхаіл Бабіч у інтэрв’ю тэлеканалу „Беларусь 1” на мінулым тыдні заявіў, што любы ваенны напад на Беларусь будзе расцэньвацца Расеяй як напад на Расейскую Федэрацыю.
„Дакладна, што ні для Польшчы, ні для сумежных прыбалтыйскіх дзяржаў такое супрацьстаянне нічога добрага не прынясе”, — дадаў ён.
Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу знаходзіцца 24 кастрычніка з візітам у Менску, дзе прымае ўдзел у пасяджэнні сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі.
Фота rusvesna.su