Міністр замежных спраў Літвы назваў інаўгурацыю Лукашэнкі фарсам



Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус назваў „фарсам” цырымонію інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, якая прайшла 23 верасня ў Менску.

„Які фарс, — напісаў Лінкявічус у „Твітэры”. — Падробленыя выбары. Падробленая інаўгурацыя. Былы прэзідэнт Беларусі не становіцца менш былым”. „Яго нелегітымнасць — гэта факт з усімі наступствамі, што вынікаюць адсюль”, — дадаў Лінкявічус.

Цырымонія інаўгурацыі Лукашэнкі прайшла 23 верасня ў Палацы Незалежнасці ва ўмовах строгай сакрэтнасці. Пра яе стала вядома з паведамлення дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, якое пазней прадублявала прэс-служба Лукашэнкі. „На цырымонію інаўгурацыі запрошана некалькі сотняў чалавек, — гаварылася ў паведамленні. — У іх ліку вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, дзеячы навукі, культуры і спорту”.

З 9 жніўня, дня прэзідэнцкіх выбараў, у Беларусі не спыняюцца масавыя пратэсты грамадзян, якія не прызнаюць афіцыйныя вынікі мінулай выбарчай кампаніі. Згодна са звесткамі ЦВК, за Лукашэнку прагаласавала 80,1% выбаршчыкаў. Яўка на выбарах склала 84,28%.

belapan.by