Міністр замежных спраў Польшчы сустрэўся з Міхаілам Мясніковічам
“Польшча заўсёды кіруецца прынцыпам пашаны суверэнітэту і тоеснасці Беларусі”, – сказаў міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч падчас сустрэчы са старшынём Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаілам Мясніковічам.
Як паведамляе прэс-цэнтр польскага МЗС, галоўнай тэмай сустрэчы былі двухбаковыя стасункі і сітуацыя польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі. Абмяркоўвалася таксама пытанне Беларусі з Еўразвязам, асаблівую ўвагу надзяліўшы 10-годдзю еўразвязаўскай праграмы “Усходняе партнёрства”, якое адзначаецца сёлета. Суразмоўцы таксама абмяркоўвалі пытанні рэгіянальнай бяспекі і міжнародныя фарматы еўрапейскай архітэктуры бяспекі.
Міністр Яцэк Чапутовіч выказаў спадзяванні, што візіт Міхаіла Мясніковіча дасць пачатак новаму погляду на польска-беларускія дачыненні як дзвюх суседніх краін.
Парламенцкая дэлегацыя Беларусі на чале з Міхаілам Мясніковічам будзе знаходзіцца з візітам у Польшчы да 14 лютага. У праграме візіту таксама перамовы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і прэм’ер-міністрам Матэвушам Маравецкім, запланаваныя сустрэчы з маршалкамі Сената і Сейма Станіславам Карчэўскім і Маркам Кухціньскім. Міхаіл Мясніковіч пабывае таксама ў Беластоку. Там ён сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, кіраўніцтвам Падляшскага ваяводства, а таксама наведае Беластоцкі медыцынскі ўніверсітэт.