Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў прыбыў у Менск



Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў вечарам 20 лістапада прыбыў у Менск з двухдзённым рабочым візітам. Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс-сакратар пасольства Расеі ў Беларусі Аляксей Маскалёў.

Мэта візіту Лаўрова — удзел у сумесным пасяджэнні калегій знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін.

Запланавана сустрэча кіраўніка расійскага МЗС з беларускім калегам Уладзімірам Макеем. У ходзе перамоў будзе абмеркавана шырокае кола пытанняў расейска-беларускага знешнепалітычнага ўзаемадзеяння з акцэнтам на рэалізацыю палажэнняў сумеснай заявы прэзідэнтаў дзвюх краін ад 19 чэрвеня 2018 года.

Асаблівую ўвагу бакі нададуць інтэграцыйнаму супрацоўніцтву ў рамках ЕАЭС і АДКБ, каардынацыі дзеянняў на пляцоўках міжнародных арганізацый, уключаючы пытанні падрыхтоўкі да пасяджэння Савета міністраў замежных спраў АБСЕ ў Мілане 6—7 снежня, абмяняюцца думкамі па асноўных глабальных і рэгіянальных праблемах.

У ходзе пасяджэння таксама будуць разгледжаны пытанні „сумеснага процідзеяння фальсіфікацыі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і спробам перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны, узаемадзеяння ў інтарэсах ўзаемадапаўняльнасці інтэграцыйных працэсаў у Еўразіі ў мэтах спалучэння будаўніцтва Еўразійскага эканамічнага саюза і ініцыятывы” Адзін пояс, адзін шлях”, фарміравання Вялікага Еўразійскага партнёрства з удзелам ЕАЭС, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі”.

Удзельнікі пасяджэння таксама абмяркуюць супрацоўніцтва ў галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі на міжнародных перагаворных пляцоўках і ролю знешнепалітычных ведамстваў Расеі і Беларусі ў прасоўванні культурнага супрацоўніцтва і агульнай культурнай спадчыны.

belapan.by