Міністр замежных справаў Літвы сустрэўся з Наталляй Пінчук
Наталля Пінчук, жонка зняволенага лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага, у Вільні праводзіць сустрэчы з уладамі, палітыкамі, беларускай дыяспарай, універсітэцкай супольнасьцю і мас-медыя Літвы.
Наталля Пінчук найперш падзякавала міністру замежных справаў Літвы Габрыелюсу Ландсбергісу за тое, што літоўская дзяржава ўжо зрабіла і робіць. Яна казала пра патрэбы медычнай і іншай гуманітарнай дапамогі для палітвязняў. Таксама яна гаварыла аб патрэбе працягваць візавую і іншую дапамогу для беларусаў, вымушаных з’ехаць са сваёй краіны, ратуючыся ад палітычнага пераследу.
Кіраўнік МЗС Літвы заявіў, што ягоная краіна шмат зрабіла і будзе працягваць рабіць для беларусаў, якія цярпяць ад палітычнага пераследу на радзіме, выдаваць тыя ж візы, хоць часам гэта зрабіць складана, бо ў Менску застаўся толькі адзін літоўскі дыпламат.
Габрыелюс Ландсбергіс таксама расказаў пра ролю Літвы ў фармаванні пазіцыі Еўразвязу адносна Беларусі.
З 20 па 31 сакавіка ў Варшаве і Вільні праходзяць «Тыдні салідарнасці» з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім і з іншымі беларускімі палітвязнямі.
Беларускае Радыё Рацыя