Міністр замежных зносінаў Анголы – з афіцыйным візітам у Менску
25-27 чэрвеня Беларусь з афіцыйным візітам наведае міністр замежных зносінаў Анголы Жоржэ Рэбелу Пінту Шыкаці.
На 26 чэрвеня запланавана яго сустрэча з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, пасля чаго пройдуць перамовы дэлегацый у пашыраным складзе. Будуць абмяркоўвацца пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў сферах, што ўяўляюць узаемную цікавасць, паведаміла прэс-служба беларускага МЗС.
У панядзелак кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Анголы таксама сустрэнецца са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімірам Андрэйчанкам. Бакі абмяркуюць стан і перспектывы развіцця беларуска-ангольскага міжпарламенцкага супрацоўніцтва ў двухбаковым фармаце і на пляцоўках міжнародных парламенцкіх арганізацый, паведамляе прэс-служба ніжняй палаты парламента.
У ходзе візіту ў Беларусь Жоржэ Рэбелу Пінту Шыкаці таксама сустрэнецца з кіраўніцтвам Міністэрства прамысловасці, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, наведае шэраг буйных прамысловых прадпрыемстваў.
Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Анголай былі ўстаноўленыя 24 красавіка 1995 года.
Паводле інфармацыі беларускага МЗС, у красавіку 2002 года адбыўся візіт беларускай дэлегацыі на чале з першым намеснікам міністра замежных спраў Васіля Пугачова ў Анголу.
У кастрычніку 2009 года Анголу наведала дэлегацыя беларускіх дзелавых колаў.
У жніўні 2015 года ў Луандзе з рабочым візітам пабываў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў. Ён сустрэўся з Джорджам Рэбелу Пінту Шыкаці, а таксама прыняў удзел у двухбаковых кансультацыях паміж МЗС.
У чэрвені 2016 года быў арганізаваны візіт у Беларусь дэлегацыі на чале з міністрам геалогіі і шахт Ф.Кейрашам з удзелам найбуйнейшых алмазаздабыўных кампаній Анголы.
Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Анголы Уладзімір Макей і Жоржэ Рэбелу Пінту Шыкаці сустракаліся ў верасні 2016 года падчас Генасамблеі ААН.
belapan.by