Міністрам энергетыкі Беларусі прызначаны Віктар Каранкевіч



 Міністрам энергетыкі Беларусі прызначаны Віктар Каранкевіч, які раней займаў пасаду першага намесніка міністра энергетыкі. Такое рашэнне 31 жніўня прыняў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

У сістэме Мінэнерга Каранкевіч працуе прыблізна 12 гадоў. У 2006—2012 гадах ён узначальваў галоўнае эканамічнае ўпраўленне міністэрства. У 2012 годзе быў прызначаны намеснікам міністра энергетыкі, у студзені 2017-га — першым намеснікам міністра энергетыкі.

На ранейшай пасадзе Каранкевіч кіраваў працай эканамічных падраздзяленняў, а таксама забяспечваў аператыўнае ўзаемадзеянне з вытворчымі аб’яднаннямі „Белэнерга” і „Белпалівагаз”. Ён таксама каардынаваў перамовы аб пастаўках прыроднага газу і электраэнергіі.

Ад імя міністэрства чыноўнік узгадняў штатны расклад Беларускай АЭС, кантраляваў вынікі фінансава-эканамічнай дзейнасці арганізацый у сістэме міністэрства, расходаванне сродкаў рэспубліканскага бюджэту на ўтрыманне цэнтральнага апарату Мінэнерга.

Віктар Каранкевіч нарадзіўся 1 жніўня 1976 года ў гарадскім пасёлку Кіраўск (Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці). У 1997 годзе адвучыўся на спецыяліста ў галіне эканамічнай інфарматыкі ў недзяржаўным Інстытуце сучасных ведаў. У 2005 годзе атрымаў спецыяльнасць у галіне цеплаэнергетыкі ў БНТУ, а ў 2010-м — спецыяльнасць у галіне дзяржкіравання нацыянальнай эканомікай у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі.

У 1997—2004 гадах працаваў у Беларускім дзяржаўным энергетычным канцэрне. З 2004 па 2006 гады быў начальнікам фінансавага аддзела і намеснікам начальніка ўпраўлення фінансаў, уліку і справаздачнасці гэтага канцэрна.   БелаПАН