Міністру юстыцыі перадалі ліст з прапановамі зменаў у заканадаўстве



Сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі і Вольга Кавалькова перадалі ліст міністру юстыцыі з прапановамі аб зменах у заканадаўстве. Першая прапанова датычыць парадку рэгістрацыі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. БХД восем разоў адмаўлялі ў рэгістрацыі ў якасці палітычнай партыі, нагадвае Віталь Рымашэўскі.

Прыкладна 25 разоў мы падавалі ў якасці грамадскіх аб’яднанняў. Моладзевае нашае аб’яднанне падавала на рэгістрацыю. Паўсюль нам адмаўлялі. Кожны раз гэтыя адмовы клаліся ў справаздачы міжнародных праваабарончых арганізацый. Рэспубліка Беларусь траціла свой міжнародны імідж. Але міністр юстыцыі кажа, што гэта нармальна, нічога змяняць у дзейнасці Міністэрства юстыцыі ён не збіраецца. Прынамсі сёння мы гэта пачулі. Тое, што 20 гадоў у Беларусі не зарэгістравана ніводная палітычная партыя, у гэтым яны не бачаць праблемы.

Другая прапанова датычыць новага закона «Аб масавых мерапрыемствах». Каб правесці пікет ці мітынг, беларусы павінны плаціць за паслугі міліцыі па ахове парадку на масавым мерапрыемстве. А гэта найменш 300 рублёў. Каментуе Вольга Кавалькова:

Як мы бачым на прыкладзе закона «Аб масавых мерапрыемствах», зразумела, што міністэрства і іншая ўстанова можа любымі спосабамі абараніць сваю пазіцыю, нават калі яны супярэчаць Канстытуцыі. Мы папросту хочам рэалізаваць сваё права на мірны пратэст, на мірнае выказванне сваёй пазіцыі, што сёння мы рэальна не можам зрабіць, не аплаціўшы міліцыю, улічваючы тое, што мы яе фінансуем з нашых падаткаў, якія мы аплачваем з нашых заробкаў.

Праз увядзенне аплаты правядзення масавых мерапрыемстваў рэалізацыя канстытуцыйнага права грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на свабоду сходаў фактычна адмененая пастановай Савета міністраў, дадае Віталь Рымашэўскі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя