Міністры абароны Беларусі і Расеі дамовіліся стварыць агульныя вучэбна-баявыя цэнтры



Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін і яго расейскі калега Сяргей Шайгу на перамовах у Маскве дамовіліся пра стварэнне трох вучэбна-баявых цэнтраў для супольнай падрыхтоўкі, паведамляе прэс-служба беларускага ваеннага ведамства.

Адзначаецца, што ў Расеі цэнтры будуць створаны ў Ніжагародскай і Калінінградскай абласцях, у Беларусі – у Гарадзенскай вобласці.

Міністры абмеркавалі пытанні двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва, у тым ліку звязаныя з рэалізацыяй праграмы стратэгічнага партнёрства і інтэнсіфікацыяй сумесных мерапрыемстваў узаемадзеяння ў ваеннай сферы.

Суразмоўцы таксама абмеркавалі дзейнасць, што датычыць беларуска-расейскай сістэмы супрацьпаветранай абароны.

Шайгу запрасіў беларускіх калег прыняць удзел у Міжнароднай канферэнцыі па бяспецы і армейскіх міжнародных гульнях, якія адбудуцца сёлета.

Хрэнін падзякаваў калегу за запрашэнне і паведаміў, што Беларусь ужо вырашыла ўдзельнічаць у Армі – 27 беларускіх каманд будуць змагацца за перамогу ў 26 конкурсах. Тры конкурсы Беларусь прыме на сваёй тэрыторыі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ТАСС