Міністры замежных спраў еўрапейскіх краін патрабуюць ад уладаў Беларусі спыніць гвалт



Пасля гібелі Рамана Бандарэнкі міністры замежных спраў еўрапейскіх краін патрабуюць ад уладаў Беларусі спыніць гвалт.

БелаПАН сабраў некаторыя выказванні.

Кацярына Захарыева (Балгарыя): „Шакаваная трагічнай смерцю Рамана Бандарэнкі. Мае самыя глыбокія спачуванні яго сям`і і сябрам. Мы падтрымліваем патрабаванні беларускага народа аб свабодзе і дэмакратыі і заклікаем да неадкладнага спынення гвалту супраць мірных пратэстоўцаў”.

Епе Кофад (Данія): „Мае самыя глыбокія спачуванні родным і сябрам Рамана Бандарэнкі. Жудасная жорсткасць і рэпрэсіі уладаў Беларусі павінны спыніцца. Данія гатовая ўвесці дадатковыя санкцыі ЕЗ”.

Іван Корчак (Славакія): „Смерць грамадзяніна Беларусі Рамана Бандарэнкі — яшчэ адно сведчанне жорсткасці рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да ўласнага народа, які імкнецца да свабоды і дэмакратычных перамен. Рэпрэсіі павінны быць неадкладна спыненыя. Мае самыя глыбокія спачуванні яго сям`і і сябрам”.

Пека Хаавіста (Фінляндыя): „У апошнія тыдні вырас ровень гвалту з боку ўладаў у Беларусі. Асноўныя правы чалавека пастаянна парушаюцца, гэта недапушчальна. Малады чалавек загінуў з-за бязлітаснага гвалту. Мае спачуванні яго сям`і і сябрам”.

Томаш Петржычак (Чэхія): „Раман Бандарэнка стаў яшчэ адной ахвярай жорсткіх рэпрэсій беларускага рэжыму. Мае шчырыя спачуванні яго сям`і і сябрам. Гвалт павінен спыніцца, а вінаватыя ў гэтым паўстаць перад судом”.

Ан Ліндэ (Швецыя): „У жаху і смутку ад жорсткай смерці Рамана Бандарэнкі ў Менску. Мае шчырыя спачуванні яго сям`і і сябрам. Гэты працяг гвалту і рэпрэсій супраць народа Беларусі зусім непрымальны”.

У падобным да гэтага ключы апошнія падзеі ў Беларусі пракаментавалі ЗША, Германія, Аўстрыя, Літва, Латвія, кіраўніцтва Еўрасаюза, ААН, „Міжнародная амністыя” і інш. ЕС заявіў аб гатоўнасці пашырыць санкцыі ў дачыненні да адказных за гвалт і рэпрэсіі ў краіне.

Увечары 11 лістапада на сімвалічнай „плошчы Перамен” — у двары жылога дома на вуліцы Чарвякова ў Менску, дзе на мясцовай трансфарматарнай будцы пастаянна з`яўляецца выява „дыджэяў Перамен”, — адбыўся канфлікт. Як паведамлялі відавочцы, туды прыехалі невядомыя і сталі зразаць белыя і чырвоныя стужкі, якімі ўпрыгожаны двор. Мясцовыя жыхары, у тым ліку Бандарэнка, спрабавалі гэтаму супрацьстаяць, завязалася бойка. Бандарэнка быў затрыманы і дастаўлены ва УУС Цэнтральнага раёна.

Раніцай 12 лістапада ў СМІ з`явілася фатаграфія выпіскі з бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, з якой вынікала, што Бандарэнка знаходзіўся ў аддзяленні рэанімацыі нейрахірургічнага профілю ў цяжкім стане. У выпісцы пазначана, што яго даставілі ў такім стане з РУУС на вуліцы Арлоўскай, 58. Пазней дактары паведамілі, што ў маладога чалавека цяжкая закрытая чэрапна-мазгавая траўма, кровазліццё ў мозг, траўмы мяккіх тканак галавы. Ён быў у коме. Увечары 12 лістапада мужчына памёр.

Днём ГУУС Менгарвыканкама паведамляла, што па факце інцыдэнту праводзіцца праверка.

Следчы камітэт сцвярджае, што пры медыцынскім аглядзе разам з цялеснымі пашкоджаннямі ў пацярпелага была дыягнаставаная алкагольная інтаксікацыя. Аднак тэлеграм-канал медработнікаў „Белыя халаты” размясціў дакумент з бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, з якога вынікае, што Бандарэнка быў абсалютна цвярозы.

Пасля весткі аб смерці Бандарэнкі на „плошчы Перамен” і ў іншых месцах Мінска і краіны людзі сталі збірацца і запальваць свечкі ў памяць аб ім. 13 і 14 лістапада ў розных гарадах Беларусі і замежжа людзі выйшлі на хвіліну маўчання ў памяць аб Бандарэнку, выстройваліся ў ланцугі салідарнасці. Паведамлялася пра разгон і затрыманні ўдзельнікаў акцый у Брэсце, Мінску, Вілейцы, Клецку, Слуцку (Мінская вобласць), Докшыцах (Віцебская вобласць).

13 лістапада падчас інтэрв`ю вузкаму колу СМІ Беларусі і замежжа Аляксандр Лукашэнка заявіў, што даручыў генеральнаму пракурору Андрэю Шведу расследаваць гібель Бандарэнкі. Лукашэнка сцвярджаў, што загінулы быў п`яны: „У нас з`явілася практыка, гэта ўжо больш за месяц, у гэтых багаценькіх перш за ўсё кварталах. Яны вывешвалі бел-чырвона-белыя сцягі і стужачкі. Завешвалі там усюды. Нават тросы нацягвалі ад дома да дома і вывешвалі гэтыя, як у нас прынята лічыць, калабарацыянісцкія прафашысцкія сцягі, — сказаў Лукашэнка. — У гэтых дварах адны вывешвалі гэтыя сцягі і гэтыя стужачкі, а другія хадзілі і зрэзалі, хто гэта не прымае. Мы апошнім часам стварылі дружыны, іх, па-мойму, блізу 500 у Мінску толькі, і яны таксама хадзілі і зразалі гэтыя сцягі. У адным з двароў, як мне далажылі, яны прыйшлі зразаць сцягі. А тыя, хто там жыве і гэтыя стужачкі вывешваў (на платах, спартыўных пляцоўках), выскачылі з дамоў. І калатня была. Але ў гэтым выпадку, як мне далажылі, завязалася бойка, прытым бойка сур`ёзная. І хтосьці (гэта ж у міліцыі ўсё ёсць) з пратэстоўцаў патэлефанаваў „карнікам” у міліцыю. Выехаў узмоцнены нарад міліцыі. Калі яны пад`ехалі, як звычайна, усе разбегліся. А гэты (Бандарэнка. — БелаПАН.) ці траўмаваны быў, ці што… У нецвярозым стане. Гэта прызнана. Заключэнне сёння прадставіў Следчы камітэт. Яны выклалі гэта ўсё. Ён быў п`яным”.