Мінкультуры адказала на петыцыю ў абарону першага сцяга незалежнай Беларусі
У Міністэрстве культуры лічаць, што для ўключэння бел-чырвона-белага сцяга ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў няма падстаў. Пра гэта гаворыцца ў адказе міністэрства на петыцыю ў абарону першага сцяга незалежнай Беларусі, якая сабрала больш за 100 тыс. подпісаў.
Дакумент апублікаваны на сайце petitions.by, дзе размешчаная петыцыя і праводзіўся збор подпісаў.
У адказе ведамства гаворыцца, што „пытанні абмежавання бел-чырвона-белай сімволікі заканадаўствам аб культуры не рэгулююцца і да сферы дзейнасці Міністэрства культуры не адносяцца”.
Разам з тым адзначаецца, што працэдура ўключэння культурных каштоўнасцяў у адпаведны дзяржспіс рэгулюецца шэрагам артыкулаў Кодэкса аб культуры. Адзін з іх устанаўлівае патрабаванні да парадку ўнясення прапаноў аб наданні культурным каштоўнасцям статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Так, заканадаўча прапісана, што да такой прапановы „прыкладаюцца матэрыялы фіксацыі, навуковай апрацоўкі і мастацкай ацэнкі культурнай каштоўнасці, абгрунтаванне неабходнасці надання культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці”. Прапановы, якія не адпавядаюць патрабаванням, Мінкультуры не разглядае.
Акрамя таго, гаворыцца ў дакуменце, пры вылучэнні культурнай каштоўнасці для надання ёй статусу нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці акрамя кодэкса павінны ўлічвацца патрабаванні канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Сцягі, падкрэслілі ў міністэрстве, сярод пералічаных у канвенцыі элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны не прадстаўленыя.
„Такім чынам, падставы для ўключэння бел-чырвона-белага сцяга ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь адсутнічаюць”, — заключылі ў Мінкультуры.
Міністэрства перанакіравала калектыўны зварот у МУС „для разгляду па сутнасці і адказу заяўнікам”.
Петыцыю, створаную Каардынацыйнай радай (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, за тыдзень падпісалі 103.202 чалавекі. 5 лютага яна была накіраваная ў Мінкультуры, МУС і Генеральную пракуратуру.
Дакумент з`явіўся пасля інфармацыі аб тым, што Генпракуратура прыняла да разгляду калектыўны зварот аб прызнанні бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім, які падпісалі больш за сотню грамадзян. Афіцыйны прадстаўнік нагляднага органа Анжаліка Курчак 29 студзеня ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1” заявіла, што Генпракуратура „рыхтуе пакет дакументаў аб прызнанні экстрэмісцкімі бел-чырвона-белага сцяга і іншай сімволікі”.
У сувязі з гэтым была створаная петыцыя ў абарону сцяга, аўтары якой адзначылі, што „гэтым летам беларусы самастойна выбралі свае колеры і свой сцяг, пры гэтым не ўшчамлялі прыхільнікаў спалучэння чырвонага з зялёным”. „Забараняць мільёнам людзей выкарыстоўваць бел-чырвона-белую сімволіку па просьбе ста чалавек — несправядліва!” — лічаць яны.
„У Кодэксе Беларусі „Аб культуры” (п. 2 арт. 69) змест геральдычных аб`ектаў адносіцца да нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў. Бел-чырвона-белы сцяг, які быў дзяржаўным сцягам Беларусі з 1991 па 1995 год, з`яўляецца прыкладам нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці”, — гаворыцца ў петыцыі.
Падпісанты дакумента лічаць, што „забарона на выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі не абгрунтаваная нічым, акрамя палітычнага націску на грамадзян, нязгодных з дзеяннямі дзейных уладаў. Грамадзяне павінны мець магчымасць звяртацца ў дзяржаўныя органы, патрабаваць прызнання пэўных кампаній, асоб, колераў экстрэмісцкімі. Але мы дакладна ведаем, што забарона бел-чырвона-белай сімволікі — гэта не жаданне народа, а капрыз 100 чалавек”.
Аўтары петыцыі настойваюць на „спыненні пераследу беларусаў за выкарыстанне сімволікі, якая ўяўляе сабой нематэрыяльную культурную каштоўнасць, і прызнанні бел-чырвона-белага сцяга гісторыка-культурнай спадчынай”.
10 лютага Генпракуратура „ў сувязі з паступленнем шматлікіх зваротаў грамадзян па пытаннях аднясення бел-чырвона-белага сцяга да экстрымісцкай сімволікі” паведаміла, што „прызнанне матэрыялаў экстрэмісцкімі ажыццяўляецца судом у адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь „Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”.
Аляксандр Лукашэнка раней заявіў, што найбліжэйшым часам парламент разгледзіць законапраект аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму. Падчас візіту на „Гомсельмаш” 20 лістапада 2020 года ён назваў бел-чырвона-белы сцяг фашысцкім.
Бел-чырвона-белы сцяг з`явіўся каля ста гадоў таму. Ён стаў сімвалам беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ стагоддзя, а ў 2020 годзе — адным з галоўных сімвалаў барацьбы за свабоду і масавых выступленняў супраць дзейнага рэжыму.