Мінпрацы спадзяецца на працяг супрацоўніцтва Еўразвяза і Беларусі



Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі плённа супрацоўнічае з Еўразвязам у межах рэалізацыі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕЗ. Пра гэта заявіла міністр Ірына Касцевіч 8 жніўня на сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын з нагоды завяршэння ёю дыпламатычнай місіі, паведамляе прэс-служба Мінпрацы.

Касцевіч падкрэсліла асабісты ўнёсак Віктарын у актывізацыю двухбаковага ўзаемадзеяння па пытаннях сацыяльна-працоўнай сферы.

Яна нагадала, што Мінпрацы і сацабароны ўдзельнічае ў міжнародным праекце „Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне”, накіраваным на пашырэнне перспектыў працаўладкавання моладзі і дарослых праз паляпшэнне ўзаемасувязі паміж прапановай у сферы адукацыі і патрэбамі сучаснага рынку працы.

Касцевіч падзякавала Віктарын за магчымасць вывучэння ў рамках гэтага праекта еўрапейскага вопыту і станоўчых практык у частцы ўдасканалення нацыянальных сістэм кваліфікацый, распрацоўкі прафесійных рамак кваліфікацый і прафесійных стандартаў. „Атрыманыя веды і вопыт выкарыстаныя ў рабоце па ўдасканаленні Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый”, — сказала міністр.

Паводле яе слоў, яшчэ адзін важны праект у сферы занятасці, які каардынуе міністэрства, — гэта „EU4Youth: Развіццё патэнцыялу для працаўладкавання”. Яго мэта — павышэнне адукацыйных магчымасцяў і патэнцыялу моладзі трох краін — Беларусі, Арменіі і Грузіі.

„Гэты праект — добры ўклад, бо яго рэалізацыя паспрыяе павелічэнню колькасці грамадзян, якія валодаюць запатрабаванымі навыкамі для атрымання годнай працы і эфектыўнай самазанятасці”, — падкрэсліла чыноўніца.

Таксама, паведаміла міністр, ведамства шчыльна працавала з АБСЕ па пытаннях гендарнай праблематыкі ў частцы садзейнічання жаночаму лідарству і ўдзелу жанчын у палітычным і грамадскім жыцці. У кастрычніку 2018 года праведзены другі Міжнародны форум жанчын-лідараў. Праца па арганізацыі і правядзенні такіх мерапрыемстваў будзе працягнутая. Чарговы форум пройдзе ў кастрычніку бягучага года, адзначыла Касцевіч.

Яна адзначыла ўзаемадзеянне па лініі Усходняга партнёрства, 10-годдзе якога адзначаецца сёлета. „Мы ўдзячныя за магчымасць удзелу ў мерапрыемствах праекта Еўрапейскага фонду адукацыі „Узгадненне попыту і прапановы на прафесійныя ўменні ў краінах Усходняга партнёрства” і тэматычных семінарах, накіраваных на вывучэнне вопыту краін ЕЗ і Усходняга партнёрства па пытаннях прагназавання патрэбнасцяў у кадрах і ўзгаднення попыту і прапановы на рынку працы”, — сказала міністр.

Касцевіч выказала надзею на захаванне і працяг канструктыўнага ўзаемадзеяння ЕЗ і Беларусі, у тым ліку па актуальных пытаннях сацыяльна-працоўнай сферы.

Яна таксама прадставіла прапановы па далейшым супрацоўніцтве з ЕЗ: „На наш погляд, перспектыўнымі напрамкамі супрацоўніцтва з`яўляюцца пытанні прагназавання патрэбаў рынку працы і развіцця Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый Беларусі, падтрымка намаганняў дзяржавы і інстытутаў грамадзянскай супольнасці па рэалізацыі патэнцыялу і задавальненні патрэбаў пажылых грамадзян. Міністэрства таксама зацікаўленае ў падтрымцы з боку ЕЗ у пытаннях укаранення сацыяльных паслуг, якія спрыяюць сацыялізацыі інвалідаў, і стварэння дамоў для іх самастойнага пражывання”.

Андрэа Віктарын падзякавала Міністэрству працы і сацыяльнай абароны за плённую сумесную працу. Яна падтрымала пазначаныя міністрам перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва і выказала надзею на далейшае ўзаемадзеянне Мінпрацы з прадстаўніцтвам ЕЗ у Беларусі ў пытаннях, што ўяўляюць узаемную цікавасць, паведамляе прэс-служба ведамства.

БелаПАН