„Мінуў тыдзень: з Севярынам Квяткоўскім”



Мінуў тыдзень. Аўтарская падборка Севярына Квяткоўскага падзеяў мінулага тыдня.

Лукашэнка прызнаны саўдзельнікам генацыду ўкраінскага народу. Падзея адбылася 27 красавіка ў Еўрапейскім міжнародным судзе. Справа пайшла па слядах Пуціна, якога звінавацілі ў тым самым судзе за вываз украінскіх дзяцей у Расею. А па факце гэты вываз ёсць выкраданнем.

Вось і паездкі «дзяцей Данбасу» у Беларусь – той самы генацыд, хай сабе і не такі маштабны. Усе гэтыя дзеці – з дзіцячых дамоў.

Ці адбудзецца наступная дзея – выдача мандату на арышт Лукашэнкі?

Наагул, што мусіць адбыцца, каб на Захадзе прызналі лукашызм – злачыннай сукупнасцю ідэалагічных і фізічных дзеянняў.

Гэта справа будучыні, бо Лукашэнка меншы палітычны злыдзень за Пуціна. Прынамсі, пакуль мы бачым кожны дзень навіны пра забітых ва Украіне людзей.

___________

Расейскія войскі зрабілі ракетны ўдар па ўкраінскім горадзе Умані 28 красавіка. Загінулі 28 чалавек, у тым ліку чатыры дзіцяці. Гэта першая падобная карная акцыя за адносна працяглы час. Аднак, некаторыя эксперты робяць версію, што мы назіраем не проста акт помсты і застрашэння. Што падобная тактыка можа стрымліваць украінскую супрацьпаветраную абарону ад перасоўвання з абароны гарадоў на лінію фронту.

_____________

Цягам мінулага тыдня розныя ўкраінскія спікеры, у тым ліку прадстаўнікі Міністэрства абароны, тлумачылі, што Украіна на 90% гатовая да контрнаступу супраць расейскіх войскаў. За лініяй фронту актывізаваліся разведвальна-дыверсійныя групы. Зрэшты, некаторыя аналітыкі адзначаюць, што Збройным сілам Украіны сур’ёзна не хапае дастатковай колькасць наступальнай тэхнікі.

___________

Віктар Бабарыка трапіў з наваполацкай калоніі ў гарадскі шпіталь у стане сярэдняй ступені цяжкасці. Экс-банкір і экас-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі быў моцна збіты, паведамілі 26 красавіка крыніцы знутры медычнай сістэмы Наваполацку. Прадстаўнікі розных еўрапейскіх структура адрэагавалі. Лічыце, яшчэ адзін пункт для беларускга і міжнароднага судоў па Лукашэнку.

___________

Акцыі пад агульнай назвай «Чарнобыльскі шлях» адбыліся ў розных краінах 26 красавіка.Гэтая традыцыйная ад 1989 году памінальная дзея набыла сёлета новы сэнс. У звязку з заявамі пра магчымасць размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.

__________________

25 красавіка прыйшла мала заўважаная, але як па мне, вартая пільнай увагі навіна. З сайту міліцэйскай газеты “На стражы”: «Менская міліцыя хутка пачне выкарыстоўваць дроны, а колькасць камер відэаназірання ў сталіцы павялічыцца ў пяць разоў.

Зараз у сталіцы ўжо працуе каля шасці тысяч камер, іх колькасць плануюць павялічыць да трыццаці тысяч. Пра тое расказаў начальнік ГУУС Менгарвыканкама Міхаіл Грыб ў інтэрв’ю «На Страже».

Згаданыя шэсць тысяч камер – гэта аснова рэпрэсій канца 2020 – пачатку 2023 гадоў. З іх здымалі і здымаюць выявы ўдзельнікаў акцый пратэсту.

На маё меркаванне, у развагах пра тое як можна пераламіць сітуацыю ў Беларусі, не ўлічваецца, што мы даўно ў дваццаць першым стагоддзі. Заблакаваць камеры і дроны – гэта асляпіць карнікаў Лукашэнкі.

Тут гаворка не толькі пра вонкавую хакерскую атаку, але справа для партызанаў унутры Беларусі.

__________________

Пра мінулы тыдзень агулам можна сказаць, што працягваліся рэпрэсіі ў Беларусі. Сацыёлаг Генадзь Коршунаў у сваім блогу напісаў, што за прамінулыя дзесяць месяцаў затрымлівалася ў сярэднім каля двух чалавек у дзень.

Памятаем пра нашых суайчыннікаў у катавальнях лукашыстаў, і дапамагаем ім як можам!

Беларускае Радыё Рацыя