Мінюст адмовіў у рэгістрацыі палітычнай партыі „Саюз”



Міністэрства юстыцыі паведаміла аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі палітычнай партыі „Саюз”.

„Падчас вывучэння прадстаўленых для дзяржаўнай рэгістрацыі дакументаў устаноўлена, што заснавальнікамі быў парушаны ўсталяваны парадак стварэння палітычнай партыі, а таксама прадстаўлены несапраўдны дакумент”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

У Мінюсце нагадалі, што ў адпаведнасці з ч. 2 арт. 10 закона „Аб палітычных партыях” для стварэння і дзейнасці партыі неабходна не менш за 1.000 заснавальнікаў ад большасці абласцей краіны і Менска.

„Згодна з прадстаўленымі дакументамі ў якасці заснавальнікаў палітычнай партыі „Саюз” выступіла 1.023 чалавекі, — адзначылі ў міністэрстве. — Пры правядзенні Міністэрствам юстыцыі выбарачнай праверкі звестак аб асобах, якія ўтрымліваюцца ў спісе заснавальнікаў палітычнай партыі (праверана 150 з 1.023 заснавальнікаў), у дачыненні да 26 асоб устаноўлена, што асобы з названымі ў спісе персанальнымі звесткамі адсутнічаюць. Такім чынам, прадстаўленыя дакументы не пацвярджаюць наяўнасць у палітычнай партыі „Саюз” не менш як 1.000 заснавальнікаў”.

„Устаноўлены таксама недакладныя звесткі наконт месца жыхарства некаторых асоб, а ў дачыненні да шэрагу асоб пазначаны не ўсе прадугледжаныя законам Рэспублікі Беларусь „Аб палітычных партыях” звесткі, у сувязі з чым спіс заснавальнікаў партыі не можа быць прызнаны сапраўдным дакументам для дзяржаўнай рэгістрацыі. Акрамя таго, устаноўлена, што згодна са спісам заснавальнікаў гэтай палітычнай партыі ў якасці аднаго з заснавальнікаў палітычнай партыі „Саюз” выступіла асоба, якая не з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, што сведчыць аб парушэнні ўстаноўленага парадку стварэння палітычнай партыі. Пры стварэнні партыі дапушчаныя таксама іншыя парушэнні”, — заявілі ў Мінюсце.

Падкрэсліваецца, што рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі можа быць абскарджана ў Вярхоўным судзе.

Аргкамітэт партыі „Саюз” быў сфармаваны на платформе аднайменнай грамадзянскай ініцыятывы, якая з 2016 года прасоўвае беларуска-расейскі інтэграцыйны парадак дня. Устаноўчы з’езд партыі адбыўся 6 сакавіка ў Менску. Дакументы на рэгістрацыю ў Мінюст падалі 2 красавіка.

Праграма партыі, апублікаваная на яе сайце, складаецца з пяці блокаў, якія тычацца ўнутранай і знешняй палітыкі, сямейнай і сацыяльнай палітыкі, а таксама эканомікі.

У сферы ўнутранай палітыкі „Саюз” выступае за канстытуцыйную рэформу і датэрміновыя парламенцкія выбары, пераход „ад аўтарытарнай дзяржавы да грамадзянскай супольнасці”, а таксама ад прэзідэнцкай да парламенцкай рэспублікі.

Ствараная партыя лічыць неабходным пераўтварыць Нацыянальны сход у аднапалатны парламент з 220 дэпутатаў, якія абіраюцца па мажарытарна-прапарцыйнай сістэме, спрасціць сістэму адклікання дэпутатаў, знізіць мінімальную колькасць партыі да 500 чалавек.

„Саюз” выступае за мясцовае самакіраванне, выбарнасць кіраўнікоў гарадоў, акрамя Менска і абласных цэнтраў, фармаванне інстытута „незалежных судоў і суддзяў” і суда прысяжных засядацеляў, аднаўленне наглядных функцый пракуратуры, папраўкі ў Крымінальны кодэкс.

У знешняй палітыцы партыя выступае за інтэграцыю Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС, АДКБ, яе ўдзел у „глабальных непалітызаваных інстытутах міжнароднага супрацоўніцтва, якія садзейнічаюць развіццю дзяржавы”, адмову дзяржавы ад імкнення да нейтральнага статусу.

У сферы эканомікі яна выступае за стварэнне спрыяльнага асяроддзя для развіцця малога і сярэдняга бізнесу, захаванне буйных прадпрыемстваў „за кошт пашырэння беларуска-расейскай вытворчай кааперацыі”, развіццё атамнай энергетыкі, лічбавую трансфармацыю, абарону айчыннага вытворцы, падтрымку фермерскага бізнесу, гарантаваную недатыкальнасць прыватнай уласнасці.

У плане сямейнай палітыкі „Саюз” сярод іншага выступае за танныя і даступныя крэдыты для сем’яў з дзецьмі, захаванне працяглага адпачынку па доглядзе дзіцяці і павелічэнне дзіцячай дапамогі; у плане сацыяльнай палітыкі — за паэтапнае скарачэнне працоўнага тыдня, адмену дэкрэта аб сацыяльным утрыманстве, сацыяльна-назапашвальную пенсійную сістэму, зніжэнне і ўсталяванне роўнага пенсійнага ўзросту для мужчын і жанчын.

БелаПАН