Мінюст адмовіўся адклікаць пазоў да руху „За Свабоду”



Сёння ў Вярхоўным судзе прайшло папярэдняе пасяджэнне па пазову Міністэрства юстыцыі да руху „За Свабоду”. На падставе папярэджання ведамства хоча прыпыніць дзейнасць арганізацыі і адмовілася ад урэгулявання сітуацыі ў дасудовым парадку.

„У працэсе дасудовай сустрэчы ў Вярхоўным судзе з прадстаўнікамі Мінюста было высветлена, што ведамства 25 мая вынесла папярэджанне руху „За Свабоду”. Яно грунтавалася на двух пасылах: аб’яднанне быццам бы не падало звесткі пра юрыдычны адрас у межах штогадовай справаздачы аб дзейнасці, і ў канцы 2020 года скончыліся паўнамоцтвы кіруючых органаў, бо не была праведзеная канферэнцыя”, — паведаміў БелаПАН старшыня руху Юрась Губарэвіч.

Паводле яго слоў, падчас абмеркавання прадстаўнік Мінюста не ўспамінаў пра паўнамоцтвы кіруючых органаў. Палітык выказаў здагадку, што ў міністэрстве знайшлі пратакол справаздачна-выбарнай канферэнцыі 2018 года, на якой паўнамоцтвы абраных органаў былі працягнутыя да 2022 года.

„Аднак прадстаўнік Мінюста настойваў, што прычыны для папярэджання застаюцца, бо дадзеныя пра юрадрас не былі своечасова прадстаўленыя, і адсутнасць рэакцыі на папярэджанне — падстава для прыпынення дзейнасці”, — сказаў Губарэвіч.

У сваю чаргу, ён сам падаў суду сапраўдны дагавор аб арэндзе памяшкання для юрыдычнага адрасу, дзеянне якога працягнутае да кастрычніка 2021 года. Дадзеныя аб юрыдычным адрасе былі ў штогадовай справаздачы для Мінюста і ў перададзеных дакументах у рамках пазапланавай праверкі арганізацыі.

„Я прапанаваў вырашыць пытанне ў дасудовым парадку, бо прычын для разгляду ў судовым парадку тут няма. Прадстаўнік Мінюста не адрэагаваў на гэтую прапанову, і суддзя прызначыла разгляд на 27 ліпеня”, — паведаміў кіраўнік руху.

На яго думку, гэта адбылося таму, што „механізм быў запушчаны і ніхто з беларускіх афіцыйных асоб — ні прадстаўнік Мінюста, ні суддзя — не могуць узяць на сябе адказнасць, каб яго спыніць”.

„Цяжка прадказаць, на чым будзе грунтавацца рашэнне суда 27 ліпеня, хоць я не выключаю, што будзе проста прынятае чарговае неправавое рашэнне. Хоць у дадзенай сітуацыі рух „За Свабоду” не парушае заканадаўства”, — падкрэсліў Губарэвіч.

Палітык лічыць тое, што адбываецца, часткай кампаніі па зачыстцы „трэцяга сектара”.

Мінюст вынес пісьмовае папярэджанне арганізацыі 21 мая. Падставай „паслужыла парушэнне заканадаўства, дапушчанае ПАГА „Рух „За Свабоду”, у частцы непадавання дакументаў аб наяўнасці ў грамадскага аб’яднання юрыдычнага адрасу”. Ведамства просіць Вярхоўны суд прыняць рашэнне аб прыпыненні дзейнасці ПАГА „Рух „За Свабоду” на месяц.

У арганізацыі праходзіць пазапланавая праверка дзейнасці. У яе рамках 13 ліпеня рух „За Свабоду” перадаў у Мінюст 42 дакументы на 249 старонках.

14 ліпеня ў офісе руху прайшоў вобшук, пасля чаго памяшканне было апячатанае.

БелаПАН