Мінюст пачаў праверку руху „За Свабоду”
Рух „За Свабоду” 25 чэрвеня атрымаў з Міністэрства юстыцыі прадпісанне да 13 ліпеня падаць шэраг дакументаў у рамках вывучэння дзейнасці грамадскага аб’яднання.
Ведамства запатрабавала дакументы ў сувязі з правядзеннем „кантрольных мерапрыемстваў па вывучэнні дзейнасці праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання „Рух „За Свабоду” на прадмет адпаведнасці патрабаванням заканадаўства і статута гэтай арганізацыі”.
У пераліку 25 патрэбных дакументаў: спіс членаў арганізацыі, дакументы, якія тычацца адукацыйных мерапрыемстваў, выдавецкай і камерцыйнай дзейнасці, удзелу ў міжнародных мерапрыемствах, пратаколы пасяджэнняў кіруючага органа, заявы на ўступленне і інш.
„Апошнія гады і нават дзесяцігоддзі ўзаемадзеянне грамадскіх аб’яднанняў і рэгіструючага органа адбывалася па прынцыпе: няма відавочных парушэнняў, Мінюст не ўмешваўся ў дзейнасць, калі былі — Мінюст выносіў папярэджанне. Цяпер мы бачым адыход ад гэтай практыкі”, — заявіў БелаПАН старшыня руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч.
На яго думку, улічваючы, колькі такіх прадпісанняў ужо атрымана, гаворка можа ісці аб татальнай праверцы дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў.
„Мэтай гэтай праверкі, хутчэй за ўсё, будзе з’яўляцца пошук нейкіх недахопаў або недакладнасцяў, фармальных. На іх аснове можна ў далейшым выносіць папярэджанні або прыняць рашэнне аб ліквідацыі. Пра тое, што ёсць настрой на ліквідацыю дэмакратычных НДА, мы чуем апошнія паўгода”, — сказаў Губарэвіч.
„Цяперашні рэжым успрымае грамадзянскую супольнасць як ворага, а не як прадстаўніка інтарэсаў розных грамадскіх груп”, — заявіў лідар руху.
Паводле яго слоў, грамадскае аб’яднанне мае намер падаць неабходныя дакументы і спадзяецца на здаровы сэнс у гэтым пытанні.
Аб „маштабнай праверцы” дзейнасці 21 чэрвеня заявіла Беларуская асацыяцыя журналістаў. „За два дні трэба прадставіць тысячы дакументаў за перыяд з 1 студзеня 2018 года па гэты дзень, некаторыя з іх па-ранейшаму ў Следчым камітэце”, — паведамілі ў арганізацыі.
Сярод дакументаў, якія прапаноўваецца падаць у Мінюст, — спісы членаў журналісцкага аб’яднання, заявы на ўступленне ў БАЖ, пратаколы пасяджэнняў выбарных органаў, усе ўваходныя і выходныя лісты за гэты час, фінансавая дакументацыя.
11 чэрвеня падобнае да гэтага прадпісанне атрымаў Беларускі ПЭН-цэнтр.