Мінюст прыпыніў працэс рэгістрацыі партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”
Міністэрства юстыцыі на адзін месяц прыпыніла працэс рэгістрацыі партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД). Гэта вынікае з ліста Мінюста, паведаміў БелаПАН адказны сакратар аргкамітэта БХД Дзяніс Садоўскі.
Паводле яго слоў, у лісце гаворыцца, што Мінюсту патрэбныя дадатковыя дакументы для прыняцця рашэння аб рэгістрацыі.
У БХД лічаць, што падобнае зацягванне з прыняццем рашэння незаконнае.
Гаворка ідзе пра сёмую спробу хрысціянскіх дэмакратаў зарэгістраваць партыю. Апошні ўстаноўчы з’езд БХД адбыўся 23 снежня 2017 года. На ім была павялічаная (да чатырох чалавек) колькасць сустаршыняў арганізацыі. Раней аргкамітэт партыі узначальвалі тры сустаршыні — Георгій Дзмітрук, Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец. З’езд вырашыў пашырыць колькасць сустаршыняў на яшчэ аднаго чалавека — ім стала Вольга Кавалькова.
Папярэднія ўстаноўчыя з’езды праводзіліся: у 2009 годзе, двойчы — у 2010-м, адзін раз — у 2011-м і двойчы — у 2015-м.
У сакавіку 2011 года ў інтэрв’ю амерыканскай газеце The Washington Post Аляксандр Лукашэнка заявіў, што БХД, „верагодна, ніколі не будзе зарэгістраваная”. „Яны ўдзельнічалі ў беспарадках. Яны не хрысціянскія дэмакраты, яны бандыты”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. БелаПАН