Мінюст прыпыніў рэгістрацыю партыі БХД



Міністэрства юстыцыі прыпыніла дзяржаўную рэгістрацыю партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Пра гэта гаворыцца ў лісце з Міністэрства юстыцыі, які атрымала кіраўніцтва аргкамітэта па стварэнні партыі. У адпаведнасці з заканадаўствам Міністэрства юстыцыі павінна прыняць рашэнне аб рэгістрацыі ці адмове ў рэгістрацыі на працягу месяца. У той жа час у міністэрства ёсць магчымасць прыпыніць рэгістрацыю для вывучэння дадатковых дакументаў. „Відавочна, што рэжыму, які чакае адмены візавых абмежаванняў для дзяржаўных чыноўнікаў, трэба пацягнуць час, падвесіць сітуацыю з рэгістрацыяй БХД, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы арганізацыі. — Рашэнне адкладзенае да лютага, калі ЕС плануе вырашыць пытанне аб санкцыях у дачыненні да прадстаўнікоў улады ў Беларусі”. Аргкамітэт БХД лічыць, што ў Мінюста няма законных прычын, каб адкладаць або прыпыняць рэгістрацыю партыі. Устаноўчы з’езд партыі прайшоў 12 снежня ў Мінску, дакументы ў Мінюст на рэгістрацыю былі перададзеныя 24 снежня. Аргкамітэту БХД раней было адмоўлена ў рэгістрацыі партыі пяць разоў. Першы ўстаноўчы з’езд партыі прайшоў у 2009 годзе, у 2010-м — яшчэ два. Чацвёртая спроба рэгістрацыі партыі была зробленая ў снежні 2011-га, а пяты ўстаноўчы з’езд адбыўся 13 чэрвеня 2015 года. Сярод прычын апошняй нерэгістрацыі Мінюст называў адмову двух заснавальнікаў партыі ад сваіх подпісаў, а таксама дробныя недакладнасці, якія, на думку прадстаўнікоў БХД, не могуць ставіць пад сумнеў рэгістрацыю палітычнай партыі. Адзначым, што хрысціянскія дэмакраты Беларусі не аднойчы спрабавалі зарэгістравацца таксама ў якасці розных рэгіянальных і рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў. Раней хрысціянскія дэмакраты заяўлялі пра намер падаць заяўку на ўключэнне ў Кнігу рэкордаў Гінеса па колькасці адмоў у рэгістрацыі. У сакавіку 2011 года ў інтэрв’ю The Washington Post Аляксандр Лукашэнка заявіў, што БХД, „верагодна, ніколі не будзе зарэгістраваная”. „Яны ўдзельнічалі ў беспарадках. Яны не хрысціянскія дэмакраты, яны бандыты”, — сказаў ён.

 БелаПАН