Мінюст вынес папярэджанне партыям, якія адмовіліся падаць спісы сяброў
Міністэрства юстыцыі Беларусі вынесла папярэджанне партыям, якія адмовіліся падаць спісы сяброў. У выпадку неўстаранення гэтага парушэння да іх могуць быць прымененыя „іншыя меры ўздзеяння”.
„Міністэрствам юстыцыі 7 і 8 кастрычніка 2020 г. былі накіраваныя палітычным партыям лісты аб даванні інфармацыі і дакументаў адносна персанальнай колькасці палітычнай партыі, колькасці арганізацыйных структур палітычнай партыі і колькасці сяброў, якія знаходзяцца ў іх, а таксама інфармацыі аб органах арганізацыйных структур палітычнай партыі”, — паведамляе сайт Мінюста.
Адзначаецца, што Мінюст мае права ўдзельнічаць у мерапрыемствах партый, атрымліваць інфармацыю па пытаннях іх статутнай дзейнасці і колькасці, знаёміцца з іх дакументамі і рашэннямі.
Міністэрства прапануе партыям прыняць меры па перападліку сваіх сяброў, а таксама „па прывядзенні дзейнасці арганізацыйных структур у адпаведнасць са статутамі гэтых палітычных партый”.
„На сённяшні дзень шэраг палітычных партый падалі запатрабаваную органам рэгістравання інфармацыю. Некаторыя ж палітычныя партыі выканаць законнае патрабаванне Міністэрства юстыцыі адмовіліся, у сувязі з чым ім вынесеныя пісьмовыя папярэджанні”, — гаворыцца ў паведамленні.
Палітычныя структуры, якія адмовіліся падаць інфармацыю, „папярэджаныя, што ў выпадку неўстаранення парушэнняў заканадаўства ў адпаведнасці з артыкулам 29 закона Рэспублікі Беларусь „Аб палітычных партыях” да іх могуць быць выкарыстаныя іншыя прадугледжаныя заканадаўствам меры адказнасці”.
Як раней паведамляў БелаПАН, пяць апазіцыйных палітычных партый — Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя левых „Справядлівы свет” і Беларуская партыя „Зялёныя” — выступілі з сумеснай заявай, у якой адмовіліся падаць у Міністэрства юстыцыі спісы сяброў. Такое рашэнне яны матывавалі тым, што падаванне персанальных спісаў не прадугледжанае законам, патрабаванне аб указанні ў афіцыйных дакументах прыналежнасці да той ці іншай партыі не дапускаецца.