Мішэль Бачэлет: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягнула пагаршацца ў 2021 годзе, заявіла вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет 24 верасня на 48-й сесіі Савета ААН па правах чалавека падчас інтэрактыўнага дыялогу аб прамежкавай вуснай інфармацыі УВКПЧ пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі ў перыяд перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года і пасля іх.
Фота: news.un.org
„Я глыбока занепакоеная ўсё больш жорсткімі абмежаваннямі грамадзянскай прасторы і асноўных свабод, уключаючы працяглыя рэйды паліцыі супраць арганізацый грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, а таксама арышты і крымінальны пераслед праваабаронцаў і журналістаў па абвінавачаннях, якія ўяўляюцца палітычна матываванымі”, — заявіла Бачэлет.
Яна паведаміла, што больш за 650 чалавек у Беларусі знаходзяцца ў зняволенні „з-за свайго меркавання” — актывісты апазіцыі, праваабаронцы, журналісты, пратэстоўцы.
Вярхоўны камісар падкрэсліла, што ў 2020 годзе было затрымана не менш за 497 журналістаў і работнікаў СМІ, не менш як 68 з іх зведалі жорсткае абыходжанне. На 10 жніўня 2021 года пад вартай заставаліся 27 журналістаў і работнікаў СМІ, у тым ліку Раман Пратасевіч, арыштаваны ў траўні пасля вымушанай пасадкі ў Менску самалёта кампаніі Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву.
Бачэлет звярнула ўвагу на ліквідацыю беларускімі ўладамі арганізацый грамадзянскай супольнасці, прызнанне экстрэмісцкімі парталаў навін tut.by і zerkalo.io, закрыццё Беларускага ПЭН-цэнтра і Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама падачу Міністэрствам юстыцыі іску аб ліквідацыі Беларускага Хельсінкскага камітэта.
„Маштабы і характар паводзін беларускіх уладаў пераканаўча сведчаць аб тым, што абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў і сходаў, сярод іншых правоў чалавека, найперш скіраваныя на задушэнне крытыкі і нязгоды з палітыкай урада, а не на любую іншую мэту, якая лічыцца законнай з гледзішча правоў чалавека, як, напрыклад, ахова грамадскага парадку”, — заявіла вярхоўны камісар.
Паводле слоў Бачэлет, яе турбуюць паведамленні аб шырока распаўсюджаных і сістэматычных катаваннях і жорсткім абыходжанні ў кантэксце адвольных арыштаў і затрыманняў пратэстоўцаў.
Яна таксама падкрэсліла адсутнасць доказаў правядзення сапраўднага і бесстаронняга расследавання паведамленняў пра інцыдэнты падчас разгону дэманстрацый пасля 9 жніўня 2020 года, калі, згодна з заявай вярхоўнага камісара, „сотні пратэстоўцаў былі жорстка збітыя супрацоўнікамі службы бяспекі”, многія зведвалі жорсткае абыходжанне ў зняволенні, у тым ліку дзеці, па меншай меры чацвёра загінулі.
„Гендарны гвалт у месцах утрымання пад вартай таксама працягвае выклікаць сур’ёзную заклапочанасць. Паведамляецца, што прыкладна 30% адвольна затрыманых складаюць жанчыны і дзяўчаты. Упраўленне атрымлівала паведамленні аб сексуальным гвалце, што ўчыняюць супрацоўнікі праваахоўных органаў галоўным чынам, але не выключна ў дачыненні да жанчын і дзяўчынак. Да іх адносяцца паведамленні аб сексуальным гвалце, пагрозах сексуальнага гвалту, псіхалагічным гвалце і сексуальных дамаганнях у дачыненні да як жанчын, так і мужчын”, — заявіла Бачэлет.
Яна звярнула ўвагу на тое, што пасля выбараў 2020 года „тысячы людзей пакінулі Беларусь”. „Я карыстаюся магчымасцю, каб нагадаць усім урадам, што ў адпаведнасці з міжнародным правам нікому не павінны стварацца перашкоды ў пошуку прыстанку або іншых формаў міжнароднай абароны”, — падкрэсліла вярхоўны камісар.
Бачэлет закранула тэму міграцыйнай бяспекі і заявіла, што ўлады Беларусі „заахвочваюць бежанцаў і іншых мігрантаў з трэціх краін пераходзіць межы краіны з дзяржавамі ЕС, у прыватнасці з Латвіяй, Літвой і Польшчай”. „Гібель чатырох чалавек на мінулым тыдні на мяжы паміж Беларуссю і Польшчай высвеціла дрэннае становішча, у якім апынуліся гэтыя людзі. Правы гэтых асоб, уключаючы права на ежу, ваду, медыцынскае абслугоўванне, павінны быць першачарговай задачай, і любыя заявы аб даванні прыстанку або іншыя хадайніцтвы аб абароне павінны разглядацца ў індывідуальным парадку, — падкрэсліла Бачэлет. — Таксама важна, каб журналістам, юрыстам, грамадзянскай супольнасці і гуманітарным арганізацыям быў дадзены доступ у прымежныя раёны”.
Кіраўнік дэлегацыі Еўразвяза пры ААН Лотэ Кнудсэн падчас дыялогу заявіла, што ЕЗ сур’ёзна занепакоены працягам нападаў на праваабаронцаў, актывістаў, журналістаў і іншых работнікаў СМІ, палітычных апазіцыянераў, членаў прафсаюзаў, адвакатаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і асоб, якія належаць да польскага і іншых меншасцяў.
„Еўразвяз настойліва заклікае беларускія ўлады выконваць міжнародныя абавязацельствы боку па паважанні правоў чалавека і асноўных свабод, неадкладна і безумоўна вызваліць усіх, чый арышт быў адвольным і палітычна матываваным, зняць усе абвінавачанні, спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці, прыцягнуць вінаватых у парушэнні правоў чалавека да адказу”, — заявіла яна.
Паводле слоў дыпламата, ЕЗ працягвае падтрымліваць міжнародныя ініцыятывы па прыцягненні ўсіх вінаватых да правасуддзя, у тым ліку з дапамогай Упраўлення вярхоўнага камісара па правах чалавека і Міжнароднай платформы падсправаздачнасці па Беларусі.
Акрамя таго, дадала Кнудсэн, ЕЗ рашуча асуджае выкарыстанне ўразлівых мігрантаў і бежанцаў. Да заявы ЕЗ далучыліся Германія, Грэцыя, Славенія, Славакія, Фінляндыя, Люксембург, Літва, Латвія, Эстонія, Балгарыя, Румынія, Ірландыя.
Швейцарыя, Албанія, Францыя, Бельгія і іншыя дзяржавы заклікалі да вызвалення ўсіх адвольна затрыманых. Шэраг еўрапейскіх краін таксама выказалі заклапочанасць працяглымі рэпрэсіямі, заклікалі ўлады ў Менску правесці незалежнае расследаванне па ўсіх сцвярджэннях аб парушэнні правоў чалавека і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
У сваю чаргу прадстаўнік Расеі заявіў, што даклад Бачэлет мае „палітычна ангажаваны характар” і ўтрымлівае „загадзя запраграмаваныя высновы”. На яго думку, агляд стаў „яшчэ адным наглядным прыкладам грубага ўмяшання ва ўнутраныя справы суверэннай Беларусі пад выглядам уяўнага клопату аб правах чалавека”.
Даклад „чарговым разам даказаў контрпрадуктыўнасць і бесперспектыўнасць стварэння палітычна ангажаваных краінавых маніторынгавых механізмаў, пад якой маскай яны б не засноўваліся”, сказаў прадстаўнік РФ.
Венесуэла і КНДР заявілі, што дзеянні УВКПЧ ствараюць „небяспечны прэцэдэнт умяшання ў выбарчы працэс суверэннай дзяржавы”.
Куба асудзіла „выкарыстанне Саветам механізму па правах чалавека, каб узаконіць умяшанне НАТА і яго саюзнікаў ва Усходнюю Еўропу”. Прадстаўнік КНР у сваю чаргу заявіў, што „становішча Беларусі адносіцца да ўнутраных спраў Беларусі”. „У сваёй працы СПЧ павінен кіравацца прынцыпамі непалітызацыі, неселектыўнасці, незалежнасці. Нельга выкарыстоўваць правы чалавека для палітычных мэтаў і змены рэжыму”, — падкрэсліў ён.
Савет па правах чалавека запытаў вусную абноўленую інфармацыю і інтэрактыўны дыялог у адпаведнасці з рэзалюцыяй 46/20 аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.
БелаПАН