Мішусцін едзе ў Менск абмяркоўваць інтэграцыю
Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка сёння ўвечары правядзе ў Менску перамовы са старшынёй урада Расіі Міхаілам Мішусціным.
Пра гэта БелаПАН паведаміла прэс-сакратар беларускага ўрада Аляксандра Ісаева.
Паводле яе слоў, сустрэча адбудзецца напярэдадні пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якое пройдзе 28 траўня.
Як паведаміла прэс-служба выканкама СНД, чакаецца, што на перамовах у вузкім фармаце кіраўнікі дэлегацый „абмяняюцца меркаваннямі па актуальных пытаннях эканамічнага ўзаемадзеяння ў межах Садружнасці і вызначаць дату і месца сваёй наступнай сустрэчы”.
Падчас сустрэчы ў шырокім фармаце ўдзельнікі пасяджэння абмяркуюць „меры па супрацьдзеянні распаўсюджанню інфекцыйных хвароб, пытанні супрацоўніцтва ў галіне санітарнай аховы тэрыторый краін СНД і ў сферы садзейнічання занятасці насельніцтва дзяржаў Садружнасці”.
Плануецца таксама падпісанне шэрагу дакументаў.
Сёлета гэта ўжо другі візіт Мішусціна ў Беларусь. Папярэдні адбыўся 16 красавіка. Тады ён таксама сустрэўся з Галоўчанкам і абмеркаваў з ім развіццё двухбаковых сувязяў, сумесную барацьбу з пандэміяй. Адбыліся таксама перамовы Мішусціна з Аляксандрам Лукашэнкам.
Фота rbc.ru