Мішусцін і Румас дамовіліся па нафце



 

Кіраўнікі ўрадаў Расеі і Беларусі канстатуюць дасягненне прынцыповых дамоўленасцяў па параметрах супрацоўніцтва ў нафтавай сферы, якія ўлічваюць узаемныя інтарэсы бакоў, паведамляе прэс-служба расейскага ўрада па выніках тэлефоннай размовы Міхаіла Мішусціна і Сяргея Румаса, якая адбылася 21 сакавіка.

«Рэалізацыя гэтых дамоўленасцяў дазволіць забяспечыць пастаўку расейскай нафты на нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь у поўным аб’ёме і на ўзгодненых умовах», – гаворыцца ў паведамленні.

Пры разглядзе тэматыкі энергетычнага супрацоўніцтва Міхаіл Мішусцін і Сяргей Румас падкрэслілі важнасць паспяховай рэалізацыі сумеснага праекта будавання Беларускай АЭС па расейскім дызайне. Прынятыя аператыўныя рашэнні, якія дазваляюць забяспечыць ход работ у адпаведнасці з прынятым графікам.

Падчас абмеркавання мер па супрацьдзеянні новай каронавіруснай інфекцыі Сяргей Румас даў пазітыўную ацэнку рашэнню ўрада Расейскай Федэрацыі забяспечыць транзіт праз тэрыторыю Расейскай Федэрацыі грамадзян Беларусі, якія вяртаюцца на радзіму авіяцыйным транспартам з трэціх краін.

«Кіраўнікі ўрадаў адзначылі асаблівае значэнне захавання і ўмацавання канструктыўнай атмасферы супрацоўніцтва Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, якая дазваляе эфектыўна, у спакойным, паважлівым ключы вырашаць нават самыя складаныя пытанні інтэграцыйнага ўзаемадзеяння», – адзначае прэс-служба ўрада Расеі.

Па выніках перамоў 11 сакавіка ў Маскве прэмʼер-міністр Сяргей Румас заявіў, што сітуацыя на сусветным рынку нафты змянілася, цэны ўпалі, і ў сувязі з гэтым беларускі бок прадставіў Расеі новыя прапановы для нафтавых кампаній, якія «расейскі бок прыняў і паабяцаў на працягу некалькіх дзён правесці кансультацыі з нафтавымі кампаніямі і даць адказ».

На нарадзе 21 сакавіка Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Расея цалкам падтрымала прапановы Беларусі па пастаўках нафты.

«Галоўнае, што згоды расейскага боку на нашы прапановы ўжо ў канцы першага квартала пайшлі. Ну, усё роўна там, пад якімі абставінамі і па якіх прычынах, – мы бачым сітуацыю на нафтавым рынку, на рынку вуглевадародаў. Мы разумеем, што прыродны газ прывязаны да нафты, ідзе падзенне цэн на нафту, значыць, і цэны на газ павінны быць ніжэйшымі», – адзначыў Лукашэнка.

Афіцыйны Менск заяўляе, што праца над дарожнымі картамі паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі не мае сэнсу да ўрэгулявання сітуацыі з пастаўкамі расейскай нафты.

БелаПАН

Фота: БелТА