Місія БДІПЧ АБСЕ збіраецца пільна сачыць за падлікам галасоў



Празрыстасць працэсу падліку галасоў на выбарах ляжыць у аснове дэмакратычных прынцыпаў, заявіла ў інтэрв’ю БелаПАН кіраўнік назіральнай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Карыэн Ёнкер.

«Падлік галасоў згадваўся некаторымі ўдзельнікамі выбарчага працэсу, і для іх гэта можа стаць патэнцыйна адчувальнай часткай дня выбараў, – сказала яна. – Кароткатэрміновыя назіральнікі стандартна надаюць увагу назіранню за падлікам галасоў. Я ўпэўненая, што пасля дня галасавання ў нас будзе выразная і абʼектыўная ацэнка гэтага працэсу».

Ёнкер падкрэсліла, што падчас назірання за ходам выбарчай кампаніі місія БДІПЧ не робіць ніякіх публічных ацэнак і рэкамендацый. «Назіральная місія знаходзіцца тут выключна для таго, каб назіраць, – сказала яна. – Мы не выступаем у ролі паліцэйскіх і не ўмешваемся ў працэс. Толькі пасля завяршэння выбараў і публікацыі нашай справаздачы пра тое, што мы назіралі, мы можам уступаць у нейкія дыскусіі, весці далейшы дыялог».

Кіраўнік місіі адзначыла, што пакуль рана рабіць нейкія высновы пра падлік галасоў. «Мы павінны пачакаць і паглядзець, як усё пойдзе. Але я зноў паўтару, што празрыстасць працэсу падліку галасоў ляжыць у аснове дэмакратычных прынцыпаў. Падлік галасоў – гэта той момант выбараў, які мы будзем адсочваць з асаблівай увагай», – сказала Ёнкер.

Місія БДІПЧ 15 кастрычніка пачала назіранне за выбарчай кампаніяй у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. У склад місіі ўваходзіць асноўная група з 11 экспертаў для працы ў Менску, а таксама 30 доўгатэрміновых назіральнікаў, якія з 23 кастрычніка сочаць за выбарчай кампаніяй па ўсёй краіне. Акрамя таго, БДІПЧ «папросіць дзяржавы АБСЕ даць 400 кароткатэрміновых назіральнікаў, якія прыбудуць за некалькі дзён да выбараў».

У справаздачы місіі БДІПЧ АБСЕ па выніках парламенцкіх выбараў у 2016 годзе гаварылася, што працэсы галасавання, падліку галасоў і звядзення вынікаў «былі азмрочаныя значнай колькасцю парушэнняў і адсутнасцю празрыстасці». Адзначалася, што працэс падліку галасоў быў ацэнены назіральнікамі БДІПЧ негатыўна ў 24% выпадкаў, што сведчыць пра «сурʼёзныя праблемы». У шэрагу выпадкаў у назіральнікаў не было магчымасці сачыць за працэсам падліку галасоў з блізкай адлегласці, яны не маглі бачыць бюлетэняў, на шэрагу ўчасткаў не абвяшчаліся дадзеныя па галасаванні за кожнага кандыдата, падкрэслівалася ў справаздачы.

БелаПАН