Мітрапаліт Кандрусевіч: Толькі Бог ведае, калі Папа наведае Беларусь



На традыцыйнай перадкаляднай прэсавай канферэнцыі Мітрапаліту Менска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу штогод задаюць адно і тое ж пытанне наконт візіту Папы Рымскага ў Беларусь.

Арцыбіскуп кажа, што дарога Папы ў нашую краіну праціраецца, але калі дакладна ён наведае Беларусь, зараз ніхто адказаць не можа.

– Гэта толькі Бог ведае, калі Папа наведае Беларусь. Мы ведаем, якія ўмовы адведзін Папы ў Беларусі, – гэта прынамсі несупраціў Праваслаўнай царквы. Гэта павінна быць нейкім чынам афіцыйна сказана. У нас адносіны вельмі добрыя. Хачу падзякаваць Мітрапаліту Паўлу, які прымаў удзел у адкрыцці пленарных пасяджэнняў Рады канферэнцыі біскупаў. Я думаю, што дарога праціраецца, але калі Папа зможа прыехаць, не ведаю.

Пакуль нічога дакладна невядома і пра меркаваны візіт Папы Францішка ў суседнюю Літву. Літоўцы, паводле арцыбіскупа, «чакаюць і спадзяюцца». Спадзевы ўмацоўваюцца важнымі нагодамі.

– У наступным годзе Літва святкуе ( дарэчы, як і Беларусь ) 100-годдзе Незалежнасці. Але ў Літве нават дзве нагоды. У наступным годзе 25 гадоў пройдзе з таго часу, як Ян Павал ІІ наведаў Літву як першую краіну былога СССР. У наступным годзе шчэ адзін юбілей – 300-годдзе каранацыі папскімі каронамі абраза Божай Маці ў Троках. Можа гэта ўсё дапаможа.

Мітрапаліт падкрэсліў, што беларускі Касцёл будзе ладзіць пілігрымкі вернікаў, калі інфармацыя пра візіт Папы ў Літву будзе дакладна пацверджаная.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара