Мітрапаліт Павел: Бяда будзе



Сінод Рускай праваслаўнай царквы, што пройдзе ў панядзелак у Менску, адрэагуе на прадастаўленне Канстанцінопалем Томасу аб аўтакефаліі Украіне.

Напярэдадні візіту патрыярха Маскоўскага і Ўсёй Русі Кірыла ў Менск патрыяршы экзарх, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел выказаў сваё меркаванне пра «ўкраінскае пытанне».

– Нам навязваюць чужую для Царквы форму. Сёння там ёсць аўтакефалісты, сёння там ёсць раскольнік Дзенісенка са сваёй раскольнічнай структурай. Сёння там ёсць кананічная праваслаўная царква Украіны. Здавалася, лагічна, трэба было звярнуцца да ўсіх і сказаць: сябры, пакайцеся, вярніцеся ў Праваслаўную кананічную царкву. А Канстанцінопаль нам гаворыць: не, ёсць іншы шлях, гэта раздзяленне Царквы. Бяда будзе. Тым больш яшчэ умешваюцца палітычныя дзеячы.

Да сёння ў свеце налічвалася каля двух дзясяткаў аўтакефалій, што прызнаныя і Канстанцінопалем, і Масквой. Але ёсць шэраг аб’яднанняў праваслаўнай царквы, якія яшчэ патрабуюць легітымізацыі з боку цэнтраў сусветнага праваслаўя. Да прадастаўлення Томаса аб аўтакефаліі Украіне спіс непрызнаных цэркваў выглядаў так: Беларуская аўтакефальная царква; Македонская; Чарнагорская; Украінская аўтакефальная праваслаўная царква; Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату, Абхазская, Турэцкая праваслаўная царква.

Патрыярх Кірыл у Менску таксама возьме ўдзел у вячэрняй імшы 13 кастрычніка ў Свята-Духавым саборы, а 14-га – у асвячэнні Храма Ўсіх Святых.

Беларускае Радыё Рацыя