Мітрапаліт Павел: Саюзная дзяржава пачынае рыпець і іскрыць



У эфіры тэлеканалу „РТР-Беларусь” мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал выказаў хваляванне за эканамічныя канфлікты між Беларуссю і Расеяй, перадае БелаПАН.

Таксама ён выказаў жаданне ўдзельнічаць у стасунках дзяржаваў „там, дзе гэта магчыма”, хоць і прызнаў, што царква не мае права ўмешвацца наўпрост.

„Хтосці пясочак пачынае падкідваць у гэты мэханізм. Ён пачынае рыпаць, іскрыць. Вельмі сумна”, – казаў мітрапаліт пра эканамічныя праблемы між сябрамі так званай саюзнай дзяржавы.

Ён запэўніў, што калі мае магчымасць сустрэцца з кіраўнікамі пэўных галінаў у Расеі, то кажа, што „Беларусь і Расея гэта ж Саюзная дзяржава, нельга ўсё змешваць на нейкія эканамічныя рэйкі, як у сям’і трэба недзе і нешта дараваць адзін аднаму”.

Верагодна, кіраўнік праваслаўнай царквы ў Беларусі меў на ўвазе заявы расейскага боку пра доўг Беларусі за газ у памеры каля 300 мільёнаў даляраў і нежаданне даваць зніжкі на газ. Адначасова з Цнафта-газавымі войнамі” між Беларуссю і Расеяй фактычна ідуць „малочныя” і „мясныя”, але „Рассельгаснагляд” запэўнівае, што не блакуе беларускія харчы на мяжы.

На нядаўняй сустрэча з Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў беларускіх рэлігійных установах „мусяць служыць беларусы”. Гэта адбывалася ў прысутнасці мітрапаліта Паўла — этнічнага расейца, пра якога не вядома, ці атрымаў ён на сёння беларускі пашпарт.