У Ваўкавыску мітынг Святланы Ціханоўскай адбыўся на аўтастаянцы (абноўлена)
У Ваўкавыску адбыўся мітынг Святланы Ціханоўскай на аўтастаянцы. Падтрымаць кандыдатку прыйшлі больш за 2 тысячы гараджанаў.
Яшчэ адной гераіняй мітынгу стала мясцовая паэтка, сталая слухачка і нядаўняя «Госця Рацыі» Рэгіна Здановіч:
– Час надышоў, і грамадзяне ўсе з дамоў выходзьце мірна на дарогу. Законы мусяць быць у нас свае. Мы атрымаць павінны перамогу!
На пытанне з натоўпу «Што будзем рабіць 10 жніўня?» (на наступны дзень пасля галасавання) кандыдатка адказала: «10-га будзем ушаноўваць новага прэзідэнта – Святлану Ціханоўскую». Гэтым вечарам пасля Гародні і Ваўкавыска Ціханоўская наведвае Слонім. Пачатак а 19.00, стадыён «Дынама». У нядзелю ў раскладзе турнэ пазначаныя Баранавічы (10.00 – Парк культуры і адпачынку па вул. Камсамольская) і Берасце (парк Воінаў-інтэрнацыяналістаў на вуліцы Маскоўскай а 14-й).
Беларускае Радыё Рацыя
***
Кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская працягнула паездку па заходніх гарадах. Прайшоў яе мітынг і ў Ваўкавыску. Некалькі тысячаў чалавек сабраліся на аўтастаянцы на набярэжнай па вуліцы Маркса. Хаця перад сустрэчай у горадзе прайшоў моцны лівень. Аднаму з наведнікаў напачатку мітынгу стала блага, да яго прыехала «хуткая».
Кажа Святлана Ціханоўская:
– Мы без вас не справімся, таму што ўся сіла – не ў нас, мы ўсяго толькі інструмент. Уся моц пераменаў толькі ў вас, людзі Беларусі. Першае, што я зраблю, калі я стану Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, мы вызвалім палітычных і эканамічных зняволеных.
Выйдзе шмат годных людзей, якія могуць займаць пост Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Далей мы правядзём рэферэндум па вяртанні Канстытуцыі 1994 года.
Ціханоўская падчас прамовы ў Ваўкавыску прыгадала, што ейны муж, блогер Сяргей Ціханоўскі рабіў рэкламны ролік для мясцовага мясакамбіната:
– Горад Ваўкавыск падараваў яму вось такую велізарную статую ваўка. Яна з’яўляецца сімвалам горада Ваўкавыска, яна стаіць у нас дома, такая велізарная, такая магутная.
На пытанне з натоўпу «Што будзем рабіць 10 жніўня?» (на наступны дзень пасля галасавання) кандыдатка адказала: «10-га будзем ушаноўваць новага прэзідэнта – Святлану Ціханоўскую».
Беларускае Радыё Рацыя
***
***
Мітынг Святланы Ціханоўскай у Ваўкавыску 1 жніўня сабраў каля 2 тысяч чалавек.
Паўгадзіны напачатку мітынгу ішоў праліўны дождж. Калі непагадзь сціхла, на пляцоўцы побач з касцёлам святога Вацлава сабраліся жыхары Ваўкавыска.
Відаць бел-чырвона-белыя сцягі, балёнікі такога ж колеру, расцяжку «Свабоду палітвязням», да таго ж сцяг паветрана-дэсантных войскаў.