Праваабаронцы: Пад 20 000 чалавек было на мітынгу Ціханоўскай у Берасці (абноўлена)
Дзясяткі тысяч чалавек, па падліках валанцёраў і праваабаронцаў, сабраліся на перадвыбарчы пікет кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Святланы Ціханоўскай у Берасці. Горад стаў апошнім абласным цэнтрам у перадвыбарчых паездках згаданага кандыдата. Улады дазволілі правесці пікет у Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, што на ўскрайку горада ад 14:00 да 16:00. У дадатак агарадзілі месца правядзення масавага мерапрыемства турнікетамі.
Паводле прадстаўнікоў штаба Ціханоўскай, ейнае аўто некалькі разоў па дарозе ў Берасце спынялі супрацоўнікі ДАІ. Таму прыйшлося ўшчыльняць праграму пікета з-за позняга прыезду кандыдата:
– Вітаю, Берасце! Для нас зараз, для народа Беларусі, стаіць адна задача, і мы яе выканаем.
– Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!
Зінаіда Міхнюк, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай:
– Людзі жадаюць пераменаў. Наша жаданне супала з жаданнем Святланы Ціханоўскай, таму яна – наш кандыдат.
Са сцэны акрамя самой Святланы Ціханоўскай, выступілі і цяперашнія прадстаўнікі ейнага штаба Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала. Усе трое, між іншым, закранулі і праблемныя пытанні рэгіёна ў сваіх прамовах, а гэта: паездкі на «закупы» ў Польшчу, акумулятарны завод, арышт мясцовых блогераў палітвязняў ды іншыя. У руках людзей была разнастайная сімволіка, але пераважна нацыянальная. Лозунгі і транспаранты таксама былі рознымі.
Завяршыўся пікет выступам па-беларуску опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук. Пасля выступу Святлана Ціханоўская ў атачэнні аховы пакінула месца масавага мерапрыемства.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
***
У Берасці, на алеі каля сцэнічнай пляцоўкі ў Парку імя воінаў-інтэрнацыяналістаў, прайшоў мітынг у падтрымку кандыдаткі на прэзідэнта Беларусі Святланы Ціханоўскай.
А 14:00 гадзіне пачалася канцэртная праграма. Выступіў гурт „Разбітае сэрца пацана”.
Па дарозе ў Берасце машыну Ціханоўскай некалькі разоў спынялі для праверкі дакументаў.
Сваю прамову кандыдат у прзідэнты пачала са словаў удзячнасці берасцейцам за іх мужнасць:
– Я вельмі люблю ваш горад. І ваш горад стаў асаблівым для ўсёй Беларусі, і вы ведаеце чаму. Таму што ў апошнія 2 гады вы, менавіта вы, былі прыклады для ўсё краіны. Вы – простыя грамадзяне, сталі на абарону свайго горада, на абарону сваіх дзяцей, на абарону сваіх сем’яў, ад пагрозы, якую нясе будаўніцтва акумулятарнага завода.
На акцыі прысутнічала каля 18 тысяч чалавек.
no images were found
Мітынг традыцыйна закончыўся пад песню «Муры». Таксама перад берасцейцамі выступіла оперная зорка Маргарыта Ляўчук.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце