Мітынг у падтрымку Святланы Ціханоўскай у Бярозе
У Бярозе адбыўся мітынг у падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Каля трох тысяч чалавек сабралася ў дазволеным уладамі месцы.
Прыехалі госці з Івацэвіч, Белаазёрску, Пружан і нават з Кобрыня. Святлана Ціханоўская абяцала заехаць, вяртаючыся з Берасця, але асцераглася магчымай правакацыі, пра якую яе папярэдзілі. Яна выбачылася перад людзьмі праз гучную сувязь па тэлефоне:
– Дзякуй за падтрымку. Вы ведаеце, што я з вамі. Мілыя мае, прабачце, што так атрымліваецца. Калі Святлана Ціханоўская стане прэзідэнтам, Бяроза будзе першым горадам, у які я прыеду.
Яе прамову людзі сустрэлі авацыяй. Людзі лічаць, што перамены наспелі і катэгарычна не хочуць бачыць Аляксандра Лукашэнку больш прэзідэнтам:
– Нам гэта ўсё надакучыла – хлусня, падставы. Мы, беларусы, павінны жыць па-еўрапейску. Чалавек, які зараз намі камандуе, ён не варты беларусаў. Ён наогул не беларус.
– За крэдыты купляюць машыны, будуюць рэзідэнцыі. Самалёты, верталёты – гэта ўсё за нашы грошы. А зямлю аддае шэйхам.
Мітынг скончыўся каля 22-й гадзіны. Тыя людзі, што засталіся да канца, уключылі ліхтарыкі і падпявалі песню “Муры”, якая гучала ў канцы мітынгу.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя