Між Дудам і Тшаскоўскім 1% розніцы. Вынік – непрадказальны



12 ліпеня – II тур прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы.

Кожныя некалькі дзён вынікі сацыялагічных апытанняў вагаюцца, а таму інтрыга, хто наступныя 5 гадоў будзе галавой польскай дзяржавы, застаецца, распавёў у праграме „Госць Рацыі” журналіст „Dziennik Gazeta Prawna” Міхал Патоцкі.

Чаму польскае грамадства так моцна падзеленае? Ці сапраўды падыход да ЛГБТ – асноўная тэма выбарчай кампаніі? Ці чакаць светапогляднай рэвалюцыі ў Польшчы ў выпадку перамогі Рафала Тшаскоўскага? Ці адрозніваюцца погляды кандыдатаў, калі казаць пра дачыненні Польшчы з Беларуссю?

РР: Да апошняга моманту не будзе вядома, хто стане прэзідэнтам?

– Не будзе. Я думаю, што нават не будзе вядома, калі будуць экзіт-полы ў нядзелю. 1% розніцы – гэта не розніца ўвогуле, калі размаўляем пра выбары. Гэта розніца, калі ўжо ёсць вынік выбараў, але калі гаворым пра сацапытанні, або экзіт-полы, то гэта не розніца.

РР: Атмасфера нечым нагадвае выбары ў ЗША, калі ніхто не ведае, хто пераможа.

– Так, вельмі цікава. Я думаю, што нам ужо хопіць гэтага ўсяго таму, што і кампанія ўжо вельмі доўга ўжо ідзе. Яна пачалася напэўна яшчэ дзесьці ў лютым. 

РР: Павінны былі адбыцца дэбаты, аднак, кожны кандыдат дэбатаваў сам з сабой.

– Так, гэта вельмі дзіўныя дэбаты. Тшаскоўскі не захацеў пайсці на грамадскае тэлебачанне. Ён казаў, што яно з’яўляецца рупарам ПіСаўскай прапаганды. Дуда не хацеў пайсці на дэбаты з Тшаскоўскім на прыватныя тэлеканалы. Маем тое, што маем. Гэта вельмі сумна для дэмакратыі , бо яшчэ ніколі не было так, што пасля першага тура не было дэбатаў супернікаў. Так не павінна быць, а прэцэдэнт ужо ёсць.

РР: Наколькі такая сітуацыя адлюстроўвае падзел у грамадстве?

– Гэта цікавае пытанне, але я ўсё ж такі думаю, што шмат палякаў мае сваіх палітыкаў, за якіх яны галасуюць. Але для іх гэты ўзровень канфлікту не такі высокі, як для палітыкаў. Ёсць пэўная група фанатаў, якія заўзеюць за сваіх палітыкаў. Яны канфліктуюць, з імі вельмі цяжка размаўляць на палітычныя тэмы, але большасць палякаў усё ж падыходзіць трохі з дыстанцыяй да гэтага ўсяго, гэта добра.

РР: IBRiS задавалі пытанне: „Чаму вы хочаце прагаласаваць за канкрэтнага кандыдата?”

– У Дуды ёсць вялікая падтрымка тых, якія заўсёды галасуюць за ПіС. Калі ПіС у сацапытаннях мае 40%, а Дуда за 50%, то значыць. што большасць усё ж такі традыцыйныя выбаршчыкі ПіС. Другая палова палякаў незадаволеная тым, што яны рабілі на працягу 5-ці гадоў з судамі, з судовай сістэмай, тое, што адбываецца ў грамадскіх СМІ таксама не падабаецца. Я думаю, што і адносіны з Захадам не такія добрыя, як маглі б быць.

Слухайце ўвесь матэрыял у далучаным файле:

Апошняе апытанне пляцоўкі IBRiS сцвярджае, што на выбарах б перамог Анджэй Дуда з вынікам у 48,7%, а Рафал Тшаскоўскі набраў бы 47,8%. У сваю чаргу пляцоўка Kantar дае перамогу Тшаскоўкаму з 45%. Дуда ж, паводле апытання Kantar, атрымаў бы 44%.

Вітаўт Сіўчык, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава