„Міжнародная амністыя”: Беларусь застаецца апошнім катам Еўропы



Беларускія ўлады ў 2017 годзе не прадэманстравалі ніякага намеру адмовіцца ад прымянення смяротнага пакарання, таму Беларусь застаецца „апошнім катам Еўропы”, гаворыцца ў штогадовым дакладзе „Смяротныя прысуды і пакаранні”, падрыхтаваным міжнароднай праваабарончай арганізацыяй „Міжнародная амністыя” (Amnesty International).

Адзначаецца таксама, што ўлады адмовіліся „змякчыць практыку тайнага прывядзенне смяротных прысудаў у выкананне, якая выкарыстоўваецца ў краіне”. „Летась у краіне былі пакараныя смерцю два чалавекі  і абвешчаны чатыры смяротныя прысуды. У красавіку 2017 года ў сваім дакладзе спецыяльны дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі (Міклаш Харасці— БелаПАН.) падкрэсліў, што адсутнасць у Беларусі справядлівага судовага разбору і незалежнасці судовай улады робіць вынясенне смяротных прысудаў у вышэйшай ступені спрэчным. Ён таксама адзначыў, што адмова дзяржавы падаваць сем’ям пакараных якія-небудзь падрабязнасці пра абставіны пакарання і месца пахавання іх родных „прыраўноўваецца да катаванняў”, — падкрэсліваецца ў дакладзе.

Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, якая працягвае абвяшчаць і выконваць смяротныя прысуды, адзначаюць у „Міжнароднай амністыі”.

belapan.by