„Міжнародная амністыя” пачала акцыю па вызваленні Паўла Севярынца



Праваабарончая арганізацыя „Міжнародная амністыя” пачала акцыю па вызваленні апазіцыйнага палітыка Паўла Севярынца.

Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня каля свайго дома неўзабаве пасля таго, як правёў на плошчы перад сталічным Камароўскім рынкам „народны пікет свабоды і салідарнасці” побач з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзідэнты. На наступны дзень суд Фрунзенскага раёна Менска арыштаваў яго на 15 сутак за ўдзел у адным з папярэдніх перадвыбарных пікетаў. Пазней Севярынцу былі прызначаныя адміністрацыйныя арышты за ўдзел у іншых акцыях. У выніку некалькіх судовых пасяджэнняў Севярынец атрымаў сумарна 90 сутак арышту.

„З дакладных крыніц нам стала вядома аб жорсткім абыходжанні пад вартай з ветэранам беларускай апазіцыі Паўлам Севярынцам, якога арыштавалі 7 чэрвеня. Павел Севярынец — вязень сумлення, якога варта неадкладна вызваліць без усялякіх умоў, а да таго часу гарантаваць яго бяспеку і недатыкальнасць”, — гаворыцца ў паведамленні „Міжнароднай амністыі”.

„Паводле слоў жонкі і сукамернікаў, якія ўжо вызваліліся, яму не далі сустрэцца з адвакатам і дзесяць дзён запар трымаюць у карцары. Яму даводзіцца спаць на нарах без матраца, якія штодня з 6.00 да 22.00 адкідваюць да сцяны. Увесь астатні час яму даводзіцца стаяць або сядзець на адзіным табурэце. У камеры няма водаправода, Паўла Севярынца не выводзяць на прагулкі. У яго забралі асабістыя рэчы, сродкі гігіены і цёплую вопратку. Павел Севярынец — пабожны хрысціянін, але ў яго адабралі і Біблію. Да 29 чэрвеня ў ізалятары адмаўляліся прымаць ад жонкі перадачы для Паўла Севярынца. Прычым невядома, ці дайшла да яго перадача, якую яго турэмшчыкі ў рэшце рэшт прынялі”, — адзначае праваабарончая арганізацыя.

Аўтары паведамлення нагадваюць, што Севярынца ўжо прызнавалі вязнем сумлення ў 2011 годзе. Тады ён быў прыгавораны да трох гадоў папраўчых работ паводле вынікаў удзелу ў масавых акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Праваабаронцы заклікаюць неабыякавых грамадзян далучыцца да акцыі „Міжнароднай амністыі” — накіроўваць на імя генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка лісты з патрабаваннямі неадкладна вызваліць Паўла Севярынца.

„Міжнародная амністыя” таксама звяртае ўвагу на тое, што „ў адказ на беспрэцэдэнтную мабілізацыю апазіцыі і акцыі пратэсту супраць прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі па ўсёй Беларусі ўлады разгарнулі бязлітасную кампанію па ачарненні і затрыманні асноўных кандыдатаў у прэзідэнты па сфабрыкаваных абвінавачаннях”.

„У выпадку прызнання вінаватымі ім пагражаюць працяглыя тэрміны пазбаўлення волі. Супрацоўнікі праваахоўных органаў і групы невядомых у цывільным часта з перавышэннем сілы затрымалі ўжо некалькі сотняў прыхільнікаў апазіцыі, незалежных журналістаў, блогераў, інтэрнэт-актывістаў і проста мінакоў падчас мірных акцый пратэсту”, — гаворыцца ў паведамленні.

„Міжнародная амністыя” заклікае ўлады Беларусі „неадкладна спыніць эскалацыю нападаў на правы чалавека, вызваліць усіх тых, хто ўтрымліваецца пад вартай выключна за мірнае карыстанне правамі, а таксама прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых у парушэннях правоў чалавека”.

belapan.by