Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў патрабуюць перагляду справы Андрэевай і Чульцовай



 Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў (IFJ і EFJ адпаведна) далучыліся да заявы Беларускай асацыяцыі журналістаў у сувязі з прысудам карэспандэнткам тэлеканала „Белсат” Кацярыне Андрэевай (Бахвалавай) і Дар’і Чульцовай.

У паведамленні на сайце EFJ гаворыцца, што абедзве федэрацыі, як і БАЖ, патрабуюць перагледзець пастанову суда па справе Андрэевай і Чульцовай, вызваліць іх з-пад варты, а таксама спыніць пераслед журналістаў і медыя ў краіне.

„Гэты прысуд накіраваны на тое, каб запалохаць усіх прадстаўнікоў прафесіі, абвясціць журналістыку па-за законам. Рэпрэсіўны зрух рэжыму дыктатара Лукашэнкі патрабуе хуткай і цвёрдай рэакцыі з боку міжнароднай супольнасці. Мы яшчэ раз заклікаем Еўрапейскі саюз, Савет Еўропы і АБСЕ не быць датычнымі да парушэнняў з боку гэтага рэжыму”, — адзначыў прэзідэнт EFJ Могенс Бліхер-Б’ерэгард.

„Мы падтрымліваем нашых калег у справе прызнання несапраўдным гэтага прысуду, які з’яўляецца вынікам палітычнага кроку ў бок абвяшчэння журналістыкі па-за законам. Абвінавачванні супраць іх павінны быць знятыя ў знак павагі свабоды прэсы, і міжнародная супольнасць павінна зрабіць націск, каб гэта стала магчымым”, — заявіў прэзідэнт IFJ Юнес Муджахід. Яго словы прыведзеныя ў паведамленні на сайце Міжнароднай федэрацыі журналістаў.

Раней БАЖ выступіла з заявай, у якой назвала прысуд Андрэевай і Чульцовай палітычна матываваным. „Яго мэта — запалохаць усіх супрацоўнікаў медыя, каб яны не выконвалі свае прафесійныя абавязкі па асвятленні значных для грамадства падзей у краіне, што па сутнасці вядзе да забароны на прафесію”, — падкрэслілі ў асацыяцыі.

18 лютага суддзя Наталля Бугук на пасяджэнні суда Фрунзенскага раёна Мінска пакарала Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запытвала пракурор Аліна Касьянчык.

Журналісткі прызнаныя вінаватымі на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць парадак, спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады і якія мелі вынікам парушэнне працы транспарту, актыўны ўдзел у такіх дзеяннях).

Андрэева і Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года пасля жывога эфіру (стрыму) з месца разгону сілавікамі дэманстрантаў — на сімвалічнай „плошчы Перамен” у Мінску (двор на вуліцы Чарвякова).

Судовы працэс пачаўся 9 лютага і фактычна праходзіў без удзелу журналістаў незалежных беларускіх СМІ. У першы дзень, нягледзячы на папярэднюю акрэдытацыю, на пасяджэнне змаглі трапіць толькі некалькі прадстаўнікоў недзяржаўных медыя, а таксама супрацоўнікі дзяржаўных і расійскіх выданняў, блізкія сваякі, прадстаўнікі дыпмісій. На пасяджэнне 16 лютага пусцілі толькі сваякоў, дыпламатаў, а таксама супрацоўнікаў дзяржаўных тэлеканалаў СТВ і ОНТ.

Журналісткі сваёй віны не прызналі.

У апошнім слове Дар’я Чульцова папрасіла суд „дасканала разабрацца і даць непрадузятую ацэнку матэрыялам справы”, якія, як яна лічыць, паказваюць на яе невінаватасць.

Кацярына Андрэева таксама заявіла, што прадстаўленыя на судзе доказы ў поўнай меры даказваюць яе невінаватасць. Журналістка заявіла, што яе „кінулі за краты паводле прыдуманага, сфабрыкаванага абвінавачання”. „Я не арганізоўвала дзеянні, якія груба парушаюць спакой, я не схіляла нікога да парушэння закона, я не здзяйсняла злачынства сама”, — падкрэсліла яна.

У абарону Андрэевай і Чульцовай выступіла беларуская і сусветная медыясупольнасць, Еўразвяз, АБСЕ і іншыя міжнародныя арганізацыі. Праваабаронцы прызналі журналістак палітзняволенымі.

belapan.by