Міжнародны ПЭН-клуб заклікаў улады Беларусі адмяніць рашэнне пра ліквідацыю ПЭН-цэнтра
Супольнасць ПЭН-клубаў рашуча асуджае закрыццё Беларускага ПЭН-цэнтра, гаворыцца ў заяве прэзідэнта Міжнароднага ПЭН-клуба Джэніфер Клемент.
„Той факт, што ўлады Беларусі вырашылі закрыць цэнтр у гадавіну леташніх прэзідэнцкіх выбараў, якія выклікаюць сумневы, з’яўляецца трагічным напамінам аб шматлікіх парушэннях, з якімі сутыкнуўся адважны беларускі народ у апошнія месяцы, і напамінам аб непахіснасці гэтага народа, нягледзячы на ўсе небяспекі, — адзначыла Клемент. — ПЭН-супольнасць падтрымлівае Беларускі ПЭН-цэнтр і ўсіх людзей у Беларусі, якія працягваюць нястомна змагацца за свае правы. Мы заклікаем улады Беларусі неадкладна адмяніць ліквідацыю Беларускага ПЭН-цэнтра і пачаць адстойваць правы на свабоду выказвання меркаванняў, асацыяцый і мірных сходаў”.
Арганізацыя настойвае на тым, каб усе затрыманыя за мірнае выказванне сваіх поглядаў былі неадкладна і безумоўна вызваленыя. Акрамя таго, ПЭН-клуб патрабуе ад уладаў Беларусі спыніць прыціскаць незалежныя СМІ і грамадзянскую супольнасць, а таксама спыніць адвольную ліквідацыю няўрадавых арганізацый, уключаючы ПЭН-цэнтр.
Як паведамлялася, на пасяджэнні Вярхоўнага суда 9 жніўня суддзя Ганна Сакалоўская задаволіла іск Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Беларускі ПЭН-цэнтр” — арганізацыі, якая займалася развіццём беларускай культуры, абаронай свабоды слова, правоў журналістаў, літаратараў і іншых культурных дзеячаў.
ПЭН-цэнтру выставілі прэтэнзію, што ён нібыта атрымліваў бязвыплатную замежную дапамогу ад сваёй кіраўніцы Святланы Алексіевіч, якую пазіцыянавалі як асобу, што пастаянна жыве за мяжой, паведаміла БелаПАН віцэ-старшыня аб’яднання Таццяна Нядбай. Паводле яе слоў, суд не ўлічыў доказы таго, што Алексіевіч, згодна з заканадаўствам, не з’яўляецца такой асобай — не стаіць на консульскім уліку за мяжой і не мае пашпарта серыі РР.
„Мы расцэньваем гэта (ліквідацыю паводле судовага рашэння. — БелаПАН.) як палітычную замову зверху, асабліва ў кантэксце таго, што з дзяржаўных СМІ мы чулі наўпрост сфармуляваныя пагрозы „пусціць пад нож”, адкрыта артыкуляваную пазіцыю „часам не да законаў”, агучаныя ў бок 185 недзяржаўных арганізацый абвінавачанні ў дэструктыўнасці структур. Канешне, гэта ўсё адкрыта сведчыць пра наяўнасць палітычнай замовы на зачыстку грамадзянскага сектара, што робіць пазоўнікаў і суддзяў выканаўцамі гэтай замовы”, — заявіла Нядбай.
Яна падкрэсліла, што аб’яднанне не спыняе сваю дзейнасць і мае намер падаць у ВС наглядную скаргу.
14 ліпеня сілавікі правялі вобшук па юрыдычным адрасе ПЭН-цэнтра. У прадстаўнікоў ГУБАЗіК МУС была пастанова на вобшук, падпісаная генпракурорам. У сувязі з пандэміяй арганізацыя ўжо больш за год працуе ў дыстанцыйным рэжыме, таму па юрыдычным адрасе нікога з супрацоўнікаў не было.
Паводле інфармацыі ПЭН-цэнтра, распачатыя справы па шэрагу артыкулаў, у тым ліку ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, ажыццёўленыя з дапамогай СМІ або інтэрнэту), ч. 1 арт. 357 (змова альбо іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання, а таксама фармавання, дзейнасць якога накіраваная на рэабілітацыю нацызму, альбо кіраўніцтва такім фармаваннем або структурным падраздзяленнем, якое ўваходзіць у яго) і іншых.
19 ліпеня стала вядома аб арышце рахункаў ПЭН-цэнтра і некаторых іншых НДА, у якіх прайшлі вобшукі.
У кастрычніку 2019 года ПЭН-цэнтр узначаліла беларуская пісьменніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2015 года Святлана Алексіевіч, якая таксама з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Міжнароднага ПЭН-клуба.
Беларускі ПЭН-цэнтр быў створаны ў 1989 годзе. У якасці грамадскага аб’яднання зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі ў лістападзе 1990 года, перарэгістраваны ў кастрычніку 1999-га. У 1990 годзе стаў часткай Міжнароднага ПЭН-клуба — сусветнага аб`яднання прафесійных літаратараў, створанага ў 1921 годзе для пашырэння супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафесій і абароны іх правоў. У 2016 годзе Міжнародны ПЭН-клуб налічваў больш за 140 аўтаномных прадстаўніцтваў у розных краінах.
Фота: wikimedia.org