Міжнародны трыбунал па злачынствах Расеі ва Украіне запрацуе да канца года



Спецыяльны міжнародны трыбунал, які будзе разглядаць злачынствы, учыненыя расейскім ваенным і палітычным кіраўніцтвам ва Украіне, запрацуе ў гэтым годзе, паведаміў намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Смірноў.

«Міжнародны трыбунал будзе базавацца ў Еўропе. Першапачаткова планавалі, што офіс будзе ў Кіеве. Касацыйны грамадзянскі суд нават падахвоціўся даць для гэтага памяшканне, сімвалічна, што яно знаходзіцца насупраць амбасады РФ», — сказаў Смірноў.

Але рашэнне змянілі для таго, каб давер да гэтага органу быў абсалютным з боку ўсіх краін цывілізаванага свету. «Размяшчэнне трыбунала на тэрыторыі пацярпелай ад краіны можа быць успрынята неадназначна», — дадаў Смірноў.

Пакуль невядомая колькасць краін, якія ўвойдуць у трыбунал. Еўрапейскі парламент сваім рашэннем ужо прызнаў неабходнасць стварэння спецыяльнага міжнароднага трыбунала і заклікаў аказаць тэхнічную і фінансавую падтрымку для гэтага, адзначае АФН.

Як вядома, 19 траўня Еўрапарламент падтрымаў стварэнне спецыяльнага міжнароднага трыбунала па расследаванні ваенных злачынстваў Расіі і яе саюзнікаў супраць Украіны. Стварэнне органа таксама падтрымалі ў ПАРЕ.

Трыбунал мае мэтай прыцягнуць да адказнасці прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і яго найбліжэйшае асяроддзе.

novychas.online