МУС абвінаваціла ініцыятыву BYPOL у падрыхтоўцы тэракта



Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абвінаваціла ініцыятыву BYPOL у падрыхтоўцы тэракта.

„Сёння ноччу ў Печах аператыўнікі ГУБАЗіК МУС пры сілавой падтрымцы САХРа затрымалі 35-гадовага жыхара Пінскага раёна. Мужчына меў намер здзейсніць тэрарыстычны акт у мясцовай вайсковай часці, яшчэ адзін — у Менску. Праваахоўнікам удалося спыніць злачынствы, знайсці і абясшкодзіць самаробныя выбуховыя прылады”, — паведаміла прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава ў сваім тэлеграм-канале.

Паводле інфармацыі ГУБАЗіК МУС, затрыманы здымаў кватэру ў Маскоўскім раёне сталіцы, працаваў у прыватнай кампаніі.

„У Пінскім раёне і пад Менскам ён вырабіў дзве самаробныя выбуховыя прылады. Адну з іх заклаў у смеццевым баку ля дзіцячай пляцоўкі на сталічнай вуліцы Убарэвіча, а другую перавёз на аўтамабілі ў Барысаўскі раён. У момант здзяйснення злачынства яго затрымалі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Чамаданава апублікавала відэазапіс з каментаром намесніка міністра ўнутраных спраў Генадзя Казакевіча і кадрамі з прызнальнымі паказаннямі затрыманага мужчыны.

„Следчымі КДБ распачатая крымінальная справа па факце замаху на акт тэрарызму. Праводзяцца сумесныя следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, — сказаў Казакевіч. — Вядома, што мужчына раней неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, з’яўляецца актыўным удзельнікам пратэстнага руху і з лета мінулага года рэгулярна наведваў „нядзельныя маршы”. Зламыснік падтрымліваў цесную сувязь з даволі вядомай ініцыятывай BYPOL. Ад яе прадстаўніка напярэдадні Дня Волі ён атрымаў у месенджары ўказанне здзейсніць выбух на тэрыторыі органа ўнутраных спраў або вайсковага фармавання”.

Казакевіч таксама заявіў: „Менавіта гэтая ініцыятыва, цесна звязаная з так званай Каардынацыйнай радай [Святланы] Ціханоўскай, актыўна заклікала грамадзян да незаконных масавых мерапрыемстваў 25 сакавіка і папярэджвала аб нібыта падрыхтаваных правакацыях уладаў. Насамрэч падрыхтоўка тэрарыстычных актаў ішла пад эгідай BYPOL”.

Затрыманы мужчына кажа, што збіраўся „ажыццявіць выбух вогнетушыцеля, напоўненага піратэхнічным порахам”. Паводле яго слоў, хацеў падарваць ваенную часць у Печах „з мэтай акцыі пратэсту, выказвання сваёй грамадзянскай пазіцыі”.

24 сакавіка ініцыятыва BYPOL паведаміла, што атрымала інфармацыю аб планах спецслужбаў арганізаваць тэракт у Дзень Волі. „Паводле інфармацыі нашых крыніц, аўтарытэт і ступень даверу да якіх не выклікае ніякіх сумневаў, 25 сакавіка ў межах плана па дыскрэдытацыі пратэстнага руху і яго поўнай ліквідацыі сіламі Камітэта дзяржаўнай бяспекі рыхтуецца ўчыненне тэрарыстычнага акта ў адным з будынкаў органаў унутраных спраў, — гаварылася ў паведамленні. — Дакладнасць такога сцэнару, акрамя атрыманай намі інфармацыі, пацвярджаецца логікай апошніх крокаў рэжыму: зробленай 11.03.2021 заявы пра гатоўнасць весці вайну ўнутры краіны; накіравання 12.03.2021 кіраўніком МУС сакрэтнага запыту на адрас міністра абароны аб прыцягненні Узброеных сіл да аховы грамадскага парадку на 25-е сакавіка і, нарэшце, выстаўленых Лукашэнкам пры наведванні 21.03.2021 мемарыяльнага комплексу „Хатынь” абвінавачанняў на адрас прыхільнікаў нацыянальнага сімвала Беларусі — бел-чырвона-белага сцяга”.

BYPOL аб’ядноўвае былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў Беларусі.

belapan.by