МУС адказаў Севярынцу: паборы будуць



Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец атрымаў адказ на калектыўны зварот, падпісаны сотнямі вернікаў розных канфесій, з патрабаваннем адмяніць сумнавядомую “Пастанову №49” Савета Міністраў аб паборах за масавыя некамерцыйныя мерапрыемствы.

Начальнік Дэпартаменту фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных справаў В.А. Дубавец лічыць, што для правядзення рэлігійных і ўвогуле некамерцыйных недзяржаўных мерапрыемстваў у Беларусі створаныя ўсе ўмовы – і ніякіх зменаў заканадаўства, у прыватнасці, “Пастановы № 49”, не патрабуецца.

Нагадаем, 11 чэрвеня ў Савет Міністраў Беларусі быў пададзены калектыўны зварот вернікаў усіх хрысціянскіх канфесіяў з патрабаваннем адмяніць сумнавядомую пастанову Саўміна №49 (паборы з арганізатараў мерапрыемстваў).

“Згодна з артыкуламі 24 і 45 Канстытуцыі, дзяржава гарантуе абарону жыцця грамадзян ад любых супрацьпраўных замахаў і права на ахову здароўя. У сваю чаргу грамадзяне Рэспублікі Беларусь удзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў. З падаткаў і пошлін грамадзян фармуецца дзяржаўны бюджэт, з якога фінансуецца міліцыя і ахова здароўя” – сцвярджалі падпісанты.

Вернікі патрабавалі адмяніць Пастанову Савета Міністраў № 49 ад 2019/01/24 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, што аказваюцца органамі ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства”.

У пачатку ліпеня Беларуская грэка-каталіцкая царква вымушаная была адмовіцца ад правядзення штогадовага паломніцтва Віцебск-Полацк, бо мясцовая міліцыя запатрабавала ад святароў заплаціць за яе паслугі 3000 рублёў.

adkaz_seviarynec3.jpg

bchd.info