МУС пра спрашчэнне візавага рэжыму: Мы знаходзімся ва ўнікальнай сітуацыі



У працэсе перамоў аб спрашчэнні візавага рэжыму з Еўрасаюзам і рэадмісіі склалася ўнікальная сітуацыя. Такое меркаванне выказаў у эфіры тэлеканала СТВ кіраўнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун, каментуючы інфармацыю пра тое, што праблема ўжо не ў пазіцыі ЕС, а ў пазіцыі Расіі па пытанні рэадмісіі.

„Мы знаходзімся ў такой унікальнай сітуацыі таму, што Рэспубліка Беларусь праводзіць перамовы і кансультацыі, з аднаго боку, аб палягчэнні візавых фармальнасцяў і аб падпісанні пагаднення з Еўрапейскім саюзам аб рэадмісіі. І з іншага боку, ідуць адпаведныя кансультацыі і перамовы з Расійскай Федэрацыяй аб узаемным прызнанні віз. І тое ж самае — пагадненне аб унясенні змяненняў у пратакол пагаднення аб рэадмісіі”, — сказаў Бягун.

„Фактычна, у гэтым перамоўным працэсе трэба знайсці кансэнсус для таго, каб задавальняць інтарэсы як Рэспублікі Беларусь, так і краін — падпісантаў гэтых пагадненняў. Мы яшчэ працягваем кансультацыі як з расійскім бокам, так і з Еўрапейскім саюзам для таго, каб знайсці аптымальны механізм, які адпавядаў бы ў першую чаргу, вядома, нацыянальным інтарэсам, але і інтарэсам грамадзян Рэспублікі Беларусь”, — адзначыў прадстаўнік МУС.

Паводле інфармацыі БелаПАН, у перамовах паміж Беларуссю і ЕС па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паўсталі новыя пытанні, па якіх бакі імкнуцца знайсці кампрамісныя рашэнні.

Адна з праблем заключаецца ў тым, што Беларусі пакуль не ўдаецца дамовіцца з Расіяй пра тое, каб яна прымала назад нелегальных мігрантаў, якія з расійскай тэрыторыі праз Беларусь трапляюць у ЕС, і займалася іх адпраўкай у краіну грамадзянства. Расія адмаўляецца прымаць тых мігрантаў, у якіх не будзе ў пашпарце расійскага штампа, які пацвярджае выезд з тэрыторыі РФ. Таму ЕС будзе вяртаць такіх нелегальных мігрантаў у Беларусь. У сувязі з гэтым Беларусь просіць ЕС аб дадатковай фінансавай і тэхнічнай падтрымцы, а таксама дамовілася аб адтэрміноўцы па ўваходжанні ў сілу пагаднення аб рэадмісіі.

Перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму Беларусь і ЕС вядуць з 2014 года. Еўрасаюз настойвае, каб пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму падпісвалася разам з пагадненнем аб рэадмісіі.

ЕС цяпер вядзе працу па змяненні палажэнняў свайго Візавага кодэкса, па якіх памер візавага збору павялічыцца з 60 да 80 еўра. У Еўрасаюзе заяўляюць, што змены накіраваны на паляпшэнне ўмоў наведвання краін ЕС для добрасумленных падарожнікаў і на пашырэнне інструментарыю па вырашэнні праблем незаконнай міграцыі.

belapan.by

Фота Sputnik Беларусь