МУС РФ: Ціханоўская абвешчаная ў міждзяржаўны вышук



Святлана Ціханоўская абвешчаная Беларуссю ў міждзяржаўны вышук па артыкуле пра заклікі да звяржэння канстытуцыйнага ладу і дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы (артыкул 361 частка 3). Пра гэта паведамляе РІА Новости са спасылкай на Міністэрства ўнутраных спраў Расеі.

Пра тое, што Ціханоўская абвешчаная ў вышук, стала вядома 7 кастрычніка — і таксама з расейскіх СМІ. У МУС РФ растлумачылі, што падставай для абвяшчэння Ціханоўскай у вышук на тэрыторыі Расіі з’яўляюцца пагадненні, заключаныя ў межах СНД.

У МУС Беларусі інфармацыю аб вышуку тады пацвердзілі, але за падрабязнасцямі накіравалі ў Следчы камітэт. Афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова заявіла БелаПАН, што „ніякай інфармацыі ў гэтай сувязі дадзена не будзе — такая пазіцыя”.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская з’яўляецца ініцыятарам стварэння Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі. Па факце дзейнасці КР у Беларусі распачатая крымінальная справа на падставе арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Некаторыя члены прэзідыума і асноўнага складу КР зараз знаходзяцца пад арыштам, іншыя — вымушаныя былі пакінуць Беларусь з меркаванняў бяспекі.

Сама Ціханоўская знаходзіцца ў Літве з 11 жніўня. Абставіны свайго ад’езду яна не каментуе, але паводле слоў паплечнікаў Ціханоўскай, яе вымусілі з’ехаць улады, пагражаючы і шантажуючы.

belapan.by