„Мусім выстаяць да канца, да нашай перамогі”



Наколькі часта зараз збіраюцца беларусы Англіі? Ці пытанне з санкцыямі застаецца актуальным? Як можна падтрымаць з-за мяжы вязняў і тых, на каго заведзеныя крымінальныя палітычна матываваныя справы? Адказы на такія пытанні ў гутарцы з Алісай Поль даў наш сённяшні Госць Рацыі, беларус, спадар Юрась, які не пажадаў называць сваё прозвішча з прычыны верагоднасці пераследу яго родных у Беларусі.

РР: Як даўно вы далучыліся да салідарных дзеянняў? Ці памятаеце той момант? Што менавіта вас зматывавала?

Госць Рацыі: Да салідарных дзеянняў падштурхнулі навіны пра той шалёны гвалт, які адбываўся на вуліцах Менску 9, 10, 11 жніўня. Тады мяне гэта настолькі ўразіла, што я проста не ведаў, што рабіць. І адзінае, што прыйшло ў галаву – гэта пайсці да амбасады Беларусі ў Лондане. Там сустрэўся з іншымі беларусамі. Неяк так усё закруцілася, і вось ужо каторы месяц удзельнічаю ў акцыях салідарнасці беларусаў у Лондане.

РР: Хто вашы аднадумцы? Як іх можна апісаць, ахарактарызаваць? Каго вы сустракаеце на гэтых акцыях?

Госць Рацыі: Гэта самыя розныя людзі. Нават не заўжды беларусы. Тое, што мяне моцна ўразіла, – і беларускамоўныя, і расейскамоўныя беларусы стаяць разам. У іх існуе пэўная павага і прыняцце адзін аднаго. Вось гэта самае важнае. Былі такія моманты, калі расейскамоўныя пыталіся: ці беларускамоўныя ставяцца да нас з засцярогай? А так людзі абсалютна розныя. Гэта проста людзі, якіх на той момант абразіў той гвалт, абразілі паводзіны рэжыму.

РР: Якія тэмы зараз гучаць часцей за ўсё на вашых акцыях і чаму?

Госць Рацыі: Вядома мы размаўляем пра мэты акцыі. Напрыклад, на пікеце перад нарвежскай амбасадай супраць кантракту Yara і Беларуськалія ідзе размова пра нарвежцаў, але таксама і пра навіны з дому, што мы яшчэ можам зрабіць, каго падтрымаць і якім чынам. Вось такія размовы ідуць. Самае галоўныя тэмы размоваў, які адбываюцца на акцыях, – гэта пошук надзеі, што мусім выстаяць да канца, да нашай перамогі.

Цалкам размова:

Спадар Юрась дадаў, што бліжэйшым часам у Англіі акцыі плануецца аднавіць з новай сілай, паколькі шмат зматываваных людзей, якія вераць у хуткія перамены на радзіме.

Размаўляла Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота jewishnews.timesofisrael.com