Мустафа Наем: Украіне не па дарозе з Лукашэнкам



Былы журналіст, а цяпер дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Мустафа Наем, праводзіць шэраг сустрэчаў у Варшаве. Падчас сустрэчы ва “Украінскім свеце”  ён зазначыў, што калі б не было Майдану, Украіна пераўтварылася б ў другую Беларусь. На ягоную думку, для Украіны Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца выключна сітуацыйным партнёрам:

– Я быў у Беларусі і памятаю, як Лукашэнка праводзіў астатнія прэзідэнцкія выбары. Для мяне гэты чалавек не мае нічога агульнага з еўрапейскімі каштоўнасцямі, з тымі каштоўнасцямі, да якіх мы імкнемся. І гэта факт. Ён з’яўляецца сітуацыйным партнёрам. Не больш і не менш. І сітуацыя палягае на тым, што ён, мажліва, крышку меней не любіць Пуціна, чым мы. Але таксама не любіць. Гэта чалавек з іншай цывілізацыі, з іншага пакалення, з іншымі каштоўнасцямі. І ніякай ўзаемнай размовы пра будучыню ў нас з ім быць не можа.

Менавіта Мустафа Наем быў адным з першых журналістаў, якія заклікалі выйсці людзей на Майдан у лістападзе 2013 года ў знак нязгоды з рашэннем украінскага Ураду спыніць падрыхтоўку да падпісання Асацыяцыі з Еўразвязам.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота ukranews.com