Музычныя пікеты – ноу-хау выбарчай кампаніі



Музычныя канцэрты сталі неад’емнай часткай сёлетняй выбарчай кампаніі. Вялікі рэзананс у Менску займеў нечаканы выступ Лявона Вольскага ў падтрымку кандыдата Алеся Лагвінца.

Тым часам яшчэ адзін кандыдат ад Руху “За Свабоду” па Вілейскай акрузе плануе ладзіць у горадзе музычныя агітацыйныя пікеты. “Нашыя агітацыйныя пікеты мусяць прывабліваць і зацікаўліваць выбарцаў,” – гаворыць кандыдат Максім Ціханаў:

– Зараз размаўляю з Алесем Дзянісавым, калі ў яго атрымаецца прыехаць да нас, гэта будзе вельмі файна. Ён сябруе з нашым горадам, а мы – з ім.  Яшчэ дамаўляемся з нашым мясцовым гуртом “Чарнавар”.

“Калі мяне зарэгіструюць, запрашаем усіх на нашыя музычныя пікеты,” – дадаў Максім Ціханаў. Актывіст за час кампаніі сабраў больш за паўтары тысячы подпісаў і чакае вынікаў камісіі аб рэгістрацыі. Паводле заканадаўства, выбарчыя камітэты мусяць прымаць адпаведныя рашэньні не пазьней за 11-га жніўня.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nn.by