„Мы не настолькі багатыя, каб марнаваць рэсурсы на бясплодную дзейнасць”



Фінансавыя выдаткі на навуку з бюджэту краіны ў 2015—2016 гадах складалі „паўпрацэнта ВУП або больш”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 13 снежня на II з’ездзе вучоных Беларусі.

„У перспектыве мы будзем паступова павялічваць асігнаванні. Але ёсць іншы бок пытання — эфектыўнасць выкарыстання капіталаўкладанняў, аддача ад выдаткаў на навуку. Не будзе выніку — не будзе грошай. Навука ад выканання гэтага патрабавання не павінна быць у баку. Мы не настолькі багатыя, каб марнаваць рэсурсы на бясплодную дзейнасць. Як гаворыцца, пустазелле нікому не патрэбнае”, — сказаў Лукашэнка.

„Напэўна, у гэтай зале ёсць, хто захоча мне запярэчыць і скажа, што бюджэтнае фінансаванне навукі недастатковае, — адзначыў ён. — Але мы ўсе выдатна разумеем, што дзяржава выдзяляе на патрэбы навукі роўна столькі, колькі можа сабе дазволіць і колькі можаце вы асвоіць. І другое — важнейшае. Хоць і так доля бюджэтнага фінансавання складае прыблізна палову ад усіх сродкаў. Ва ўсім свеце навуковыя арганізацыі выкарыстоўваюць уласныя рэсурсы, актыўна прыцягваюць сродкі прадпрыемстваў, інвестараў, інавацыйных і венчурных фондаў. У нас жа доля ўласных сродкаў арганізацый у выдатках на даследаванні і распрацоўкі ўсяго толькі прыблізна чвэрць. З 2007 года яна знізілася больш як на 14%”.

Лукашэнка назваў недапушчальным той факт, што сёння ёсць значныя рэшткі нявыкарыстаных сродкаў інавацыйных фондаў. „У нас велізарныя грошы, пры ўсіх скаргах навукоўцаў, штогод не асвойваюцца, — заявіў ён. — За 11 месяцаў гэтага года рэспубліканскія і мясцовыя інавацыйныя фонды выкананыя на 41% і 24% ад гадавога плана. Якіх вам яшчэ грошай не хапае? Яны ж ляжаць, вазьміце іх”.

„А яшчэ нядаўна вы мяне ўгаворвалі, што новы парадак арганізацыі выкарыстання гэтых фондаў дазволіць кардынальна палепшыць сітуацыю. Я вас паслухаў і прыняў рашэнне, але пакуль выніку не бачу”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

БелаПАН