«Мы з уладай гуляем у хакей, толькі за намі стаіць футбольная брама»
Праваабаронца Павел Левінаў параўнаў пачатак выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы з гульнёй з уладай у хакей.
Справа ў тым, што ўжо на стадыі фармавання выбарчых камісій у Віцебску становіцца зразумела: чыноўнікі не збіраюцца адступаць ад ранейшых метадаў па фальсіфікацыі выбараў. Кажа Павел Левінаў:
— Нічога ў галовах чыноўнікаў не змянілася: уся працэдура праходзіць па напісаным сцэнары, і сцэнар гэты напісаны з памылкамі. Пачатак выбарчай кампаніі па фармаванні камісій дае ўсе падставы меркаваць, што ў Гарадскі савет правядуць тых людзей, якія ўжо пра гэта ведаюць. Выходзіць, мы з удалай гуляем у хакей, толькі ва ўлады стаяць хакейная брама і брамнік, а за намі на той жа пляцоўцы — футбольная брама і брамнік. Таму, куды б улада не кінула шайбу ў 99% выпадкаў брамнік яе не возьме, бо брама — футбольная.
На думку Паўла Левінава, спіс будучых дэпутатаў, якія пройдуць у мясцовыя саветы па ўсіх выбарчых акругах Віцебска, ужо вядомы, гэта спрэс будуць лаяльныя да ўлады асобы. А выбары стануць толькі прыкрыццём.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск