Мядзведзеў абверг паведамленні пра зніжку на газ для Беларусі
Скідкі па цэнах на газ для Беларусі не прадугледжаны, яны застаюцца ранейшымі, паведаміў на пасяджэнні з віцэ-прэм`ерамі 10 кастрычніка ў Горках старшыня ўрада РФ Дзмітрый Мядзведзеў.
«Яшчэ раз хацеў бы акцэнтаваць увагу, што цана за газ, які пастаўляецца ў Беларусь, застаецца ранейшай, разлічваецца па існуючай формуле, ніякай карэкціроўкі не зроблена, неабходна пагасіць запазычанасць для таго, каб аднавіць нармальныя гаспадарчыя адносіны. Спадзяюся, гэта беларускія партнёры разумеюць», — цытуе Мядзведзева агенцтва РІА Новости.
Пра тое, што кошт расейскага газу для Беларусі будзе істотна зніжаны, заявіў віцэ-прэм`ер Уладзімір Сямашка 10 кастрычніка пасля даклада Аляксандру Лукашэнку пра дасягнутыя дамоўленасці з Расеяй у сферы паставак энерганосьбітаў.
Паводле слоў Сямашкі, дасягнута дамоўленасць, што Беларусь «верне пэўную акумуляваную суму, якую расейскі бок разглядае ў якасці запазычанасці за пастаўку газу».
«Мы павінны гэтыя грошы назад вярнуць. Але ўзамен мы атрымалі аднамомантнае істотнае зніжэнне цаны газу ўжо ў гэтым годзе і іншую падтрымку з боку Расеі. І далей (мы намецілі і пратаколам) пазначылі траекторыю зніжэння цаны ў наступныя гады», — паведаміў Сямашка.
Ён адзначыў, што фармальна зніжэнне цаны на газ адбудзецца з 1 ліпеня 2017 года. Аднак дакладную цану віцэ-прэм`ер не назваў, спаслаўшыся на адпаведную дамоўленасць з расейскім бокам. «Механізм зніжэння не такі прамы. Там больш складаныя механізмы, як рэальна забяспечыць траекторыю і якім чынам Беларусь будзе мець ад гэтага пэўную выгаду», — сказаў ён.
Што тычыцца вяртання сумы за раней пастаўленыя аб`ёмы расійскага газу, то і тут канкрэтная лічба не называецца. Разам з тым Сямашка паведаміў, што вярнуць гэтыя грошы беларускаму боку неабходна да 25 кастрычніка.
Газавая спрэчка паміж Беларуссю і Расеяй доўжыцца з пачатку 2016 года. Мінск настойвае на зніжэнні кошту расійскага газу, Расія з гэтым не згодная і абвінавачвае беларускі бок у парушэнні кантракта. Для стымулявання пагашэння доўгу Масква ў трэцім квартале скараціла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ. У чэрвені віцэ-прэм`ер урада РФ Аркадзь Дварковіч заявіў, што да скарачэння паставак прывяла недаплата беларускага боку за пастаўлены прыродны газ.
11 верасня на выбарчым участку пасля галасавання на парламенцкіх выбарах Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што Беларусь і Расея практычна дамовіліся па газавым пытанні. 12 верасня ў ходзе сустрэчы з Уладзімірам Сямашкам ён даручыў на працягу двух дзён дасягнуць канчатковай дамоўленасці з расійскім бокам аб пастаўках энерганосьбітаў у Беларусь. Аднак пасля перамоў на ўзроўні віцэ-прэм`ераў пасольства Беларусі ў Расеі паведаміла, што дасягнуць кампрамісу па газавым пытанні ўрадам дзвюх краін не ўдалося.