Мядзведзеў Румасу: У Расеі няма „антыбеларускіх элементаў”
У Расеі няма „антыбеларускіх элементаў” — пра гэта прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў свайму беларускаму калегу Сяргею Румасу на перамовах у Сочы.
Такім чынам расейскі кіраўнік урада адрэагаваў на заявы Аляксандра Лукашэнкі. „Сёння на прэзідэнта Пуціна ціск вельмі люты. І прытым ужо з блізкага атачэння, антыбеларускага”, — сказаў кіраўнік Беларусі падчас выступу перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.
Мядзведзеў падкрэсліў, што паміж Масквой і Менскам „захоўваюцца нейкія пытанні”. На яго думку, гэта натуральна, бо падчас інтэграцыі закранаецца каласальнае кола тэмаў. „Было б дзіўна, калі б мы на сябе ўзвалілі абавязак дамовіцца па ўсіх пазіцыях”, — пракаментаваў ён.
Расейскі прэм’ер дадаў, што вырашыць усе пытанні было б немагчыма. Менавіта таму сёння будуць сустракацца Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.
Пасля гэтага Мядзведзеў прапанаваў Румасу перад сустрэчай кіраўнікоў дзвюх дзяржаваў „прабегчыся па дарожных мапах, па тых пытаннях, якія яшчэ не ўзгодненыя”.