Мядзведзеў: У пытаннях інтэграцыі Расея і Беларусь нарэшце гавораць на адной мове



У пытаннях інтэграцыі Расея і Беларусь нарэшце гавораць на адной мове, заявіў прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў 21 чэрвеня ў Менску па выніках перамоў са сваім беларускім калегам Сяргеем Румасам.

„Перамовы прайшлі добра. Мы разумеем адзін аднаго, чуем адзін аднаго, і абсалютна шчыра, не дзеля таго, каб выканаць дыпламатычны этыкет, скажу, што мы нарэшце па інтэграцыйнай тэматыцы гаворым на адной мове”, — прыводзіць словы Мядзведзева сайт урада Расеі.

Паводле яго слоў, цяпер ёсць тры групы пытанняў, або „тры карзіны пытанняў”. „Першая карзіна —гэта пытанні, па якіх у нас аднолькавае разуменне сутнасці і аднолькавае разуменне тэрмінаў ўкаранення ў наша жыццё гэтых перамен, то бок прыняцце ключавых рашэнняў”, — растлумачыў расейскі прэм’ер.

„Другая група пытанняў — гэта такія пытанні, па якіх мы аднолькава ўспрымаем тыя ці іншыя рашэнні ў сферы эканомікі, якія трэба прыняць, або ў сацыяльнай сферы, але дзе няма яшчэ дакладнага разумення, у які тэрмін іх рэалізоўваць. І тут неабходна даўзгадненне”, — прадоўжыў Мядзведзеў.

„Ёсць, нарэшце, трэцяя катэгорыя пытанняў (яна адносна невялікая, можа быць, нават зусім невялікая), па якіх з-за палітыка-юрыдычных прычын неабходна правесці яшчэ дадатковыя кансультацыі. Так, бакі разумеюць, што гэта трэба будзе зрабіць, але калі і як — гэта яшчэ падлягае ўразумець. Прычым не толькі на ўзроўні ўрадаў, але і на прэзідэнцкім узроўні”, — адзначыў Мядзведзеў.

„Першыя дзве карзіны на парадак большыя, чым трэцяя”, — удакладніў расейскі прэм’ер.

Паводле яго слоў, гэта тычыцца і падатковай палітыкі, і бюджэтнай палітыкі, і сацыяльнай палітыкі, і фінансава-крэдытнай палітыкі, і выпрацоўкі адзіных або блізкіх падыходаў да іх ажыццяўлення.

Сяргей Румас пацвердзіў, што гэтая сустрэча, як і сустрэча ў Горках 24 траўня, прайшла вельмі добра.

„Мы збліжаем пазіцыі. Я б толькі дапоўніў, што ўсё ж такі першая карзіна самая ёмістая, самая вялікая. І калі Максім Станіслававіч Арэшкін (кіраўнік Мінэканамразвіцця РФ. — БелаПАН.) казаў, што гэта 90%, ён меў на ўвазе колькасць пунктаў, якія мы аднеслі ў першую карзіну. Але, з іншага боку, трэба разумець, што тыя два ці тры пункты, якія знаходзяцца ў трэцяй карзіне, вядома, самыя цяжкія і па іх патрэбныя дадатковыя кансультацыі”, — сказаў Румас.

Паводле яго слоў, сёння бакі ўзгаднілі, як будзе выглядаць структура дакумента. „Мы разумеем, што ў абноўленай праграме дзеянняў будуць прапісаны ў першую чаргу „дарожныя карты” па сектарах эканомікі. Мы ўсе гэтыя „дарожныя карты” павінны ўзгадніць да лістапада”, — адзначыў Румас.

Затым, прадоўжыў ён, спатрэбіцца вялікая праца ўрадаў па прывядзенні заканадаўства ў адпаведнасць, для таго каб агульныя сектаральныя рынкі маглі ужо запрацаваць на поўную моц.

„Калі мы гаворым пра агульныя, ці нават па некаторых сектарах адзіных рынках, то разумеем, што гэта роўныя ўмовы для нашых суб’ектаў гаспадарання — няважна, зарэгістраваныя яны ў Расейскай Федэрацыі або ў Рэспубліцы Беларусь”, — заявіў беларускі прэм’ер.

Гэта, падкрэсліў Румас, азначае аднолькавае падаткаабкладанне, элементы бюджэтнай палітыкі, роўныя цэны на энерганосьбіты, роўныя рэгулятарныя правілы.

belapan.by